3 ліпеня 2018 года ў Мінску планавалася акцыя пратэсту супраць незаконнага пераследу ўладамі кіраўнікоў прафсаюза РЭП і салідарнасці з пакаленнем, якое вызваліла Беларусь ад гітлерызму.
Высновы:
- Акцыя праходзіла на фоне папярэдніх адвольных затрыманняў актывістаў у Гродне і арганізатараў у Мінску, а таксама дзяржаўнага святкавання Дня Незалежнасці, ваенізаваны парад у гонар якога праводзіўся на праспекце, які перпендыкулярна прымыкае да бульвара Талбухіна.
- Арганізатары і ўдзельнікі сходу мелі мірныя намеры, не рабілі дзеянняў гвалтоўнага характару і не заклікалі да вайны, гвалту і дыскрымінацыі. Такім чынам, сход ацэньваецца як мірны.
- Удзельнікі акцыі не перашкаджалі правядзенню ваенізаванага параду, акцыя праходзіла значна далей ад яго.
- Падчас самога сходу ўдзельнікі не мелі магчымасці на выказванне думкі, па прыходзе на месца правядзення акцыі іх затрымлівалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Фактычна сход быў сарваны супрацоўнікамі міліцыі.
- Дзеянні ўдзельнікаў акцыі не давалі падстаў для непрапарцыйных мер па спыненні мірнага сходу і затрымання тых, хто збіраўся прыняць у ім удзел. Сам факт прысутнасці на мерапрыемстве не мог быць падставай для іх затрымання. Такім чынам, можна зрабіць выснову аб тым, што затрыманні насілі адвольны характар.
- Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні правялі затрыманне незалежных назіральнікаў, як толькі назіральнікі пачалі маніторынг акцыі. Затрыманне назіральнікаў таксама насіла адвольны характар.
Метадалогія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Рэспубліцы Беларусь на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы.
Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваны сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі і журналістамі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў мірнага сходу, супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правіл і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якім назіраюць; прыхільнасць прынцыпам правы: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктнае паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны пазначаныя бэйджамі назіральніка і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".
Папярэдняя інфармацыя
Акцыя арганізоўвалася аб'яднаннем "Беларускі Нацыянальны Кангрэс", пра яе паведамлялася ў недзяржаўных СМІ і інфармацыйных рэсурсах сеткі "Інтэрнэт". Паведамлялася, што на бульвары ім. Талбухіна 3 ліпеня а 13:00 адбудзецца сход у падтрымку кіраўнікоў незалежнага прафсаюза "РЭП", якія пераследуюцца па палітычных матывах, і ўскладанне кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўскладанне кветак да мемарыяла ахвяр рэпрэсій.
Маніторынг сходу праводзілі 6 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя камізэлькамі з лагатыпам ініцыятывы і бэйджыкамі.
Ход мерапрыемства
У час мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:
- Незалежнае назіранне пачалося каля 12:50. Назіральнікі былі затрыманыя адразу ж як пачалі маніторынг (апранулі камізэлькі і бэйджыкі).
- Каля пляцоўкі на бульвары Талбухіна былі размешчаны два спецыяльныя аўтамабілі для перавозкі зняволеных, некалькі мікрааўтобусаў без спецыяльнай афарбоўкі, якія таксама выкарыстоўваюцца міліцыяй для перавозкі затрыманых. Аўтобус для перавозкі супрацоўнікаў міліцыі.
- Прысутнічалі супрацоўнікі ДАІ.
- Адсутнічалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у форме.
- Некаторыя ўдзельнікі акцыі спрабавалі дэманстраваць плакаты, мелі пры сабе кветкі.
- Пры затрыманні назіральнікаў супрацоўнікі МУС у цывільным ажыццяўлялі адвольныя затрыманні ўсіх, хто ўдзельнічаў у акцыі на той момант.
- На акцыі быў затрыманы грамадзянін Расійскай Федэрацыі.
- Таксама на акцыі быў затрыманы журналіст які меў пасведчанне і які працаваў па заданні рэдакцыі.
Далейшыя падзеі
- Пасля затрымання назіральнікаў даставілі ў Першамайскае РАУС горада Менска, куды былі дастаўлены яшчэ 27 чалавек якія ўдзельнічалі ў акцыі.
- Супрацоўнікі праваахоўных органаў не прадстаўляліся, адмаўляліся прад'яўляць дакументы, не тлумачылі прычыны затрымання.
- Назіральнікаў выводзілі па чарзе ў асобныя памяшканні для дачы тлумачэнняў, пры гэтым супрацоўнікі таксама адмаўляліся прадстаўляцца, тлумачыць прычыны затрымання, не прад'яўлялі абвінавачванняў, ня тлумачылі статус у якім знаходзяцца затрыманыя асобы, не тлумачылі правы. Аказвалі псіхалагічны ціск, крычалі на апытваных.
- Праз некаторы час назіральнікаў і журналіста аддзялілі ад астатніх затрыманых шляхам выправаджэння на калідор.
- Праз тры гадзіны з моманту затрымання назіральнікаў і журналіста адпусцілі, удзельнікаў жа акцыі працягнулі трымаць у РАУС.
Рэкамендацыі
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
- Не перашкаджаць працы незалежных назіральнікаў і СМІ.
- Спыніць практыку адвольных затрыманняў і пераследу ўдзельнікаў мірных дэманстрацый, паколькі гэта супярэчыць добраахвотна ўзятых абавязкам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека;
- Выконваць працэсуальныя нормы пры затрыманні і складанні пратаколу аб адміністрацыйнай адказнасці. Забяспечыць доступ адваката да затрыманых.
- Не перашкаджаць свабодзе выказвання меркавання і свабодзе мірных сходаў, кіравацца прэзумпцыяй правядзення мірнага сходу.
- У адпаведнасці з арт. 5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі).
- Забяспечыць наяўнасць камунікацыйнай групы супрацоўнікаў МУС на масавых мерапрыемствах і выкананне імі адпаведных функцый належным чынам.
Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
- Унесці змены ў Закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" для прывядзення яго ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага права.
Крыніца: Справаздача па маніторынгу "Акцыі вызвалення і салідарнасці" 3 ліпеня 2018 года ў Мінску