Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
- у месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка;
- 18 чэрвеня пракуратура г. Мінска апавясціла лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка аб перадачы ўзбуджанай у дачыненні да іх крымінальнай справы ў суд Савецкага р-на. Праваабарончая супольнасць краіны працягвае настойваць на неадкладным спыненні палітычна матываванага крымінальнага пераследу ў дачыненні да актывістаў незалежнага прафсаюза;
- 14 чэрвеня ў кватэры дырэктара незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая супрацоўнікамі ДФР быў праведзены ператрус. Як пазней стала вядома з паведамлення КДК Беларусі, у дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Праваабарончая і незалежная журналісцкая супольнасць звязвае дадзены крымінальны пераслед з прафесійнай журналісцкай дзейнасцю А. Ліпая;
- 14 чэрвеня ПЦ “Вясна” стала вядома аб прыпыненні выканання прысуду ў дачыненні да асуджаных да смяротнага пакарання І. Гершанкова і С. Беражнога на час разгляду пададзенай імі нагляднай скаргі намесніку старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
- 25 чэрвеня Спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці прадставіў свой шосты даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на 38-й сесіі Савета па правах чалавека ААН. Міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі за падаўжэнне мандата Спецыяльнага дакладчыка;
- такім чынам, якіх-небудзь істотных зменаў, накіраваных на якасныя змены ў галіне правоў чалавека, у чэрвені зафіксавана не было.
Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што палітвязень Міхаіл Жамчужны, які з 10 красавіка змешчаны на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) калоніі № 9 у Горках, падчас адбыцця дадзенага пакарання атрымаў яшчэ 10 сутак ШІЗА. Гэта 28-е спагнанне, вынесенае Жамчужнаму адміністрацыяй Горацкай калоніі са жніўня 2017 года.
Спагнанне ў выглядзе 10 сутак ШІЗА было вынесена палітвязню 1 чэрвеня. Напярэдадні, 31 траўня, падчас пракурорскай праверкі калоніі Міхаіл Жамчужны ў прысутнасці пракурора падаў намесніку начальніка ПК № 9 пісьмовую заяву з просьбай азнаёміцца з некаторымі матэрыяламі сваёй крымінальнай справы, якія тычацца адказаў дзяржаўных органаў на яго скаргі (раней яму адмаўлялі ў такой магчымасці). Адміністрацыя ў той жа дзень дазволіла яму азнаёміцца з запытанымі матэрыяламі, але ўжо раніцай наступнага дня яму была прад'яўлена прэтэнзія, якую палітвязень расцаніў як пакаранне за зварот да пракурора.
18 чэрвеня пракуратура г. Мінска апавясціла лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча аб перадачы крымінальная справы ў суд Савецкага раёна г. Мінска. Абвінавачаныя па справе Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік скончылі знаёміцца з матэрыяламі справы 8 чэрвеня.
Раніцай 14 чэрвеня ў кватэры, у якой пражывае дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай, супрацоўнікамі ДФР ў межах узбуджанай Камітэтам дзяржаўнага кантролю крымінальнай справы быў праведзены санкцыянаваны пракуратурай горада ператрус. Пасля ператрусу Алесь Ліпай быў дастаўлены супрацоўнікамі ДФР на допыт у будынак КДК, пасля якога быў адпушчаны на волю.
Пазней на сайце Дзяржкантролю з'явілася інфармацыя пра тое, што ў дачыненні да Алеся Ліпая 12 чэрвеня 2018 г. была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 КК па факце ўхілення ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры. На дадзены момант Алесь Ліпай з'яўляецца падазраваным па гэтай крымінальнай справе, афіцыйныя абвінавачванні яму пакуль не прад'яўленыя, мера стрымання не абіралася.
Праваабарончыя арганізацыі звязваюць крымінальны пераслед А. Ліпая з яго прафесійнай журналісцкай дзейнасцю.
Парушэнне свабоды мірных сходаў
У Беларусі працягвае парушацца права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў. Празмерна шырокае азначэнне масавых мерапрыемстваў дазваляе караць буйнымі штрафамі або адміністрацыйным арыштам практычна любыя публічныя праявы грамадскай актыўнасці без атрымання дазволу мясцовых уладаў.
З пачатку чэрвеня пачалося пікетаванне грамадскімі актывістамі, прадстаўнікамі палітычных партый і грамадскіх арганізацый тэрыторыі забаўляльнага комплексу, размешчанага ў непасрэднай блізкасці ад месца масавых расстрэлаў і пахавання ахвяраў савецкіх рэпрэсій 30-х - 40-х гадоў — урочышча Курапаты. На думку пікетоўцаў, будаўніцтва комплексу суправаджалася злоўжываннямі, і само па сабе знаходжанне забаўляльнага комплексу ў гэтым месцы недапушчальна.
Той факт, што дзяржава на працягу 30 гадоў ухіляецца ад паўнавартаснага расследавання і прызнання абставінаў расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты, што пры падтрымцы ўладаў неаднаразова рабіліся спробы сказіць усталяваныя ў пачатку 90-х гадоў пракуратурай факты, а таксама так ці інакш ўмяшацца ў ахоўныя межы тэрыторыі гэтага месца, якое стала ў Беларусі сімвалам смутку і пакутаў, вывеў сітуацыю на ўзровень супрацьстаяння ідэй і перакананняў.
Дзяржаўныя інстытуты ўхіліліся ад вырашэння праблемы; Генеральная пракуратура і Міністэрства ўнутраных справаў заявілі аб сваім “нейтралітэце” ў гэтым канфлікце. Між тым, менавіта на прадстаўніках сіл правапарадку ляжыць пазітыўны абавязак стварыць умовы для бесперашкоднага выказвання меркаванняў і правядзення мірных сходаў. Аднак за мінулы месяц прадстаўнікамі органаў унутраных справаў не створана бяспечнага для ўсіх удзельнікаў канфлікту асяродку, які б выключыў іх фізічны кантакт і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў; адзінай формай рэагавання сталі шматлікія (па звестках ПЦ “Вясна”, больш за 120) пратаколы ў дачыненні да актывістаў і некалькі пратаколаў у дачыненні да наведвальнікаў забаўляльнага комплексу.
18 чэрвеня больш за 40 арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі выступілі з сумеснай заявай у сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты. Яны просяць улады прыпыніць дзейнасць рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Поедем, поедим” да высвятлення дадатковых абставінаў законнасці будаўніцтва гэтага аб'екта. Сярод падпісантаў Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя.
ПЦ “Вясна” звярнуўся ў Генеральную пракуратуру і ў адміністрацыю прэзідэнта Беларусі з адпаведнымі заявамі і заклікамі правесці праверкі ў дачыненні да службовых асобаў і суб'ектаў, якія маюць дачыненне да будаўніцтва забаўляльнага комплексу.
Між тым, 29 чэрвеня па дарозе да Курапатаў быў затрыманы аўтамабіль і канфіскаваныя драўляныя крыжы, якія актывісты хацелі ўсталяваць непадалёк ад месца масавых расстрэлаў. Супрацоўнікі МУС ўварваліся ў майстэрню Змітра Дашкевіча, дзе былі выраблены крыжы, і правялі агляд.
З0 чэрвеня судамі разгледжаны раней складзеныя ў дачыненні да Паўла Севярынца і Вольгі Нікалайчык пратаколы; абаім прызначаны адміністрацыйны арышт тэрмінам на 10 сутак.
14 чэрвеня суд Савецкага раёна г. Мінска разгледзеў адміністрацыйную справу сустаршыні БХД Паўла Севярынца, якога абвінавацілі ў закліках да правядзення масавага мерапрыемства. Як вынікае з пратаколу правапарушэння, яшчэ 26 красавіка падчас “Чарнобыльскага шляху” каля кінатэатра “Кастрычнік” у Мінску палітык заклікаў людзей ісці маршам да Астравецкай АЭС. Суддзя Вера Галаўкова пастанавіла пакараць Севярынца штрафам у памеры 45 базавых велічынь па арт. 23.34 КаАП РБ.
У Віцебску 19 чэрвеня супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС затрымалі апазіцыянера і распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду. Паводле інфармацыі “Радыё Свабода”, гэта адбылося ў цэнтры горада — каля дома № 28 насупраць амфітэатра, дзе ён звычайна распаўсюджвае беларускія выданні і сімволіку. У аддзяленні міліцыі яму патлумачылі, што Віцебск рыхтуецца да “Славянскага базару”, а таксама ідзе падрыхтоўка да Дня горада, які прызначаны на бліжэйшыя выходныя. Таму праводзіцца “зачыстка” ад усяго непажаданага, што можа трапіць на вочы гасцям абласнога цэнтра.
28 чэрвеня ў Мінску адбылася прэзентацыя законапраекта “Аб свабодзе мірных сходаў”, які быў падрыхтаваны беларускімі праваабаронцамі і міжнароднымі экспертамі ў гэтай галіне. Альтэрнатыўны законапраект застаецца актуальным, паколькі змены ў дзейны закон “Аб масавых мерапрыемствах”, прынятыя Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні, не набліжаюць яго да міжнародных стандартаў у галіне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў; у ім застаюцца істотныя абмежаванні правоў грамадзянаў.
Студэнты тэатральнай лабараторыі Fortinbras Вольга Рамашка, Надзея Крапівіна і Дзмітрый Яфрэмаў, якія 28 чэрвеня стварылі “ЛГБТ-клумбу” перад будынкам беларускага МУС, сумна вядомага гамафобнымі поглядамі яго кіраўніка, былі затрыманыя і адпраўленыя да суда ў прыёмнік-размеркавальнік на вуліцы Акрэсціна. Разам з удзельнікамі перфоманса быў затрыманы пазаштатны карэспандэнт агенцтва БелаПАН Андрэй Шаўлюга. Каля 16:00 28 чэрвеня ён фатаграфаваў акцыю ў падтрымку ЛГБТ-супольнасці. Адміністрацыйныя справы разглядаліся судамі, удзельнікі акцыі аштрафаваныя.
Жорсткае абыходжанне
Заключныя заўвагі Камітэта супраць катаванняў ААН па пятым перыядычным дакладзе Беларусі размешчаныя на сайце ААН на рускай мове; КСК заклікаў Беларусь як дзяржаву-удзельніцу Канвенцыі супраць катаванняў ліквідаваць шматлікія парушэнні, якія ствараюць умовы для катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання; таксама Камітэт звярнуў увагі на парушэнні правоў канкрэтных асобаў.
Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да дырэктара ўстановы адукацыі “Магілёўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі” і яго дваіх намеснікаў. Следства мяркуе, што абвінавачаныя, высвятляючы ў шасцярых выхаванцаў установы адукацыі абставіны і прычыны самавольнага сыходу з тэрыторыі вучылішча, перавышаючы свае службовыя паўнамоцтвы, збілі непаўналетніх, а затым арганізавалі незаконнае іх змяшчэнне ў бацькоўскі пакой да раніцы наступнага дня, абмежаваўшы тым самым іх волю. Акрамя таго, устаноўлена, што адзін з выхаванцаў 2001 года нараджэння за парушэнне правілаў унутранага распарадку сістэматычна збіваўся. Службовым асобам прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (перавышэнне службовых паўнамоцтваў, учыненае з іншай асабістай зацікаўленасці, спалучанае з гвалтам і абразай пацярпелага).
Марына Багданава, маці памерлага ў СІЗА зняволенага Алега Багданава, накіравала скаргу Генеральнаму пракурору А. Канюку на дзеянні былога следчага Жодзінскага ГАСК П. Хоміча, які праводзіў даследчую праверку па факце смерці яе сына. Алег Багданаў памёр ў ПУ “Турма № 8” г. Жодзіна 29 студзеня 2016 году ад вострай сардэчнай недастатковасці. У 2014 годзе ён перанёс цяжкую аперацыю на сэрцы, з'яўляўся інвалідам 3-й групы і меў патрэбу ў пастаяннай кваліфікаванай медыцынскай дапамозе, назіранні ўрача-кардыёлага. Маці лічыць, што сыну ў СІЗА не аказалі належнай медыцынскай дапамогі. Яна мяркуе, што менавіта дзейнасць П. Хоміча насуперак інтарэсам службы спрыяла страце значных доказаў па справе; парушэнні названага следчага, дапушчаныя пры правядзенні праверкі па факце смерці яе сына, не адносяцца да дысцыплінарных учынкаў, па якіх яго прыцягнулі да матэрыяльнай адказнасці, а носяць характар крымінальна-каральных дзеянняў.
У Гомельскім раённым судзе разглядаецца крымінальная справа ў дачыненні да двух былых ваеннаслужачых памежных войскаў, якія абвінавачваюцца ў здзеках з падначаленых у перыяд службы. Гэта адна з шэрагу крымінальных справаў, узбуджаных у выніку татальнай праверкі воінскіх фарміраванняў пасля гібелі салдата тэрміновай службы А. Коржыча ў выніку нестатутных адносінаў.
Магдалена Валіньска, жонка брытанскага грамадзяніна Алана Сміта, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 3, паведаміла пра тое, што ёй стала вядома пра галадоўку мужа. Відавочна, гэта стала формай пратэсту зняволенага супраць парушэнняў яго правоў адміністрацыяй калоніі. З лютага Алан Сміт быў пазбаўлены тэлефанаванняў, адміністрацыя турмы не перадае лісты зняволенага.
Гарантыі справядлівага суда
29 ліпеня з удзелам прадстаўнікоў Парыжскай і Нью-Йоркскай калегіі адвакатаў, Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў (Жэнева-Парыж), а таксама беларускіх праваабаронцаў і былых адвакатаў прадстаўлены новы сумесны даклад Парыжскай калегіі адвакатаў, Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека і Праваабарончага цэнтра “Вясна”; арганізатары прадставілі аналіз становішча адвакатаў у Беларусі з пункту гледжання захавання дзяржавай асноўных прынцыпаў незалежнасці адвакацкай прафесіі. Даклад падрыхтаваны па выніках місіі, праведзенай у студзені 2018 г., i змяшчае рэкамендацыі ўладам Беларусі па забеспячэнні гарантыі аўтаноміі ўнутранага самакіравання адвакацкіх калегій, права на свабоду выказвання і аб'яднання, а таксама права на эфектыўны сродак прававой абароны ў дысцыплінарных разглядах супраць адвакатаў.
Смяротнае пакаранне
14 чэрвеня ПЦ “Вясна” стала вядома аб тым, што намеснік старшыні Вярхоўнага суда прыпыніў выкананне смяротных прысудаў у дачыненьні да Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на час разгляду іх наглядных скаргаў. Пра гэта праваабаронцам стала вядома ад сваякоў асуджаных да вышэйшай меры.
Ад маці асуджанага да расстрэлу Гершанкова ПЦ “Вясна” стала вядома аб пачатку галадоўкі, якую пачаў у СІЗА № 1 І. Гершанкоў, пратэстуючы такім чынам супраць абмежаванняў у перапісцы з боку адміністрацыі ізалятара.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2018