У скверы на бульвары Талбухіна 3 ліпеня ў 13.00 мела адбыцца «Акцыя вызвалення і салідарнасці», якую арганізоўваў Мікола Статкевіч. Несанкцыянаваную акцыю спынілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Каля 30 затрыманых ўдзельнікаў даставілі ў Першамайскі РУУС. Амаль усе былі адпушчаны без складання пратаколаў, але некаторых з іх пратрымалі больш за 6 гадзінаў.
Мікола Статкевіч на месца збору так і не прыйшоў. Яго затрымалі а 11:30, калі ён выходзіў з дому. Цяпер палітык знаходзіцца ў ЦІП. Яго жонка Марына Адамовіч у фэйсбуку паведаміла, што яго забралі за «не адбытае».
Перад акцыяй каля дому быў затрыманы Вячаслаў Сіўчык. Па папярэдняй інфармацыі, на палітыка за абарону Курапатаў складзена каля сямі адміністрацыйных пратаколаў. Таксама ў яго засталіся "неадседжаныя" суткі за Дзень Волі.
3 ліпеня быў затрыманы палітык Максім Вінярскі. Ноч ён правёў ў ЦІП.
У судзе Мінскага раёну 4 ліпеня чакаюцца суды над затрыманымі на "Дзень Незалежнасці" Вячаславам Сіўчыкам, Рыгорам Кастусёвым, Максімам Вінярскім. Але па папярэдняй інфармацыі, судзіць іх будуць за абарону Курапат.
Са слоў актывіста Леаніда Кулакова, пад вокнамі актывіста і рэжысёра Аляксея Туровіча з 9 гадзін раніцы 4 ліпеня дзяжурыць сіні мікрааўтобус з людзьмі ў цывільным.