Лідэр Партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў затрыманы па дарозе ў аэрапорт Менск-2. Ён збіраўся вылятаць у Варшаву, дзе меўся ўдзельнічаць у пасяджэнні міжнароднай камісіі польскага Сейму. Паплечнікі па партыі ведалі, што з дому выехаў, але ў Варшаве не з'явіўся. Тэлефон палітыка быў адключаны.
Увечары 3 ліпеня намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў ІЧУ Менскага раёну. Затрымалі лідэра БНФ, на думку Аляксея Янукевіча, за Курапацкую варту.
«Даведаліся, што ён не сеў на самалёт. Мы абзвоньвалі раённыя аддзелы міліцыі, і зусім нядаўна атрымалі інфармацыю, вельмi абмежаваную, што спадар Кастусёў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Менскага раёна, і што заўтра будзе суд», – распавёў Аляксей Янукевіч.
Калі і за што будуць судзіць лідэра Партыі БНФ, на дадзены момант дакладна невядома. «Але відавочна, што калі затрыманне адбылося ў Менскім раёне, то судзіць могуць за ўдзел у акцыі супраць працы забаўляльнага комплексу з рэстарацыяй “Паедзем паямо” у Курапатах», – выказаў меркаванне Янукевіч. Паводле яго слоў, Кастусёў апошні час шмат разоў наведваў Курапаты, дзе больш за месяц доўжыцца грамадзянская акцыя пратэсту супраць працы забаўляльнай ўстановы ў месцах масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавісцкіх рэпрэсіяў.
Аляксей Янукевіч таксама адзначыў, што пасяджэнне камісіі польскага сейма, у якім планаваў удзельнічаць Кастусёў, не з’яўляецца экстраным: «Такія сустрэчы праходзяць рэгулярна, на іх абмяркоўваецца сітуацыя ў Беларусі. Але гэта досыць важнае мерапрыемства, на якім можна выказаць польскай палітычнай супольнасьці нашую пазіцыю і расставіць акцэнты», – дадаў намеснік старшыні Партыі БНФ.
На думку Аляксея Янукевіча, судовы працэс па справе старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва адбудзецца ў сераду 4 ліпеня ў судзе Менскага раёна (г.Менск, вул. Маякоўскага, 119А).