Аршанец Раман Кузьмянкоў абскардзіў пастанову суду Аршанскага раёну і гораду Воршы, які пакараў яго штрафам у памеры 22 б.в. за адзіночны пікет з плакатам “Па 500 тут няма” (ч.3 арт. 23.34 КаАП), піша "Віцебская вясна".
Віцебскі абласны суд разгледзеў 27 чэрвеня скаргу аршанца Рамана Кузьмянкова, у якой ён прасіў адмяніць пастанову суду ад 29 траўня як незаконную, бо “кожны чалавек мае права выказваць сваё меркаванне”. Суддзя Ірына Смалякова пакінула пастанову бяз зменаў, а скаргу не задаволіла. Суддзя аблсуда пакінула асноўную частку пастановы, датычную штрафу, бяз зменаў, але змяніла “лёс” сродку здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння – плаката “Па 500 тут няма". Ірына Смалякова змяніла указанне аб канфіскацыі плакату на “ўказанне аб яго знішчэнні”.
Нагадаем, 28-гадовы беспрацоўны з Воршы Раман Кузьмянкоў некалькі разоў – 14 і 21 траўня – выходзіў з плакатам “Па 500 тут няма” да помніку Леніна ў Воршы, пратэстуючы супраць малых заробкаў у краіне. Пра свой намер зладзіць аднаасобны пікет паведамляў у Аршанскі райвыканкам праз электронную форму для зваротаў грамадзян. Абодва разы быў затрыманы. За правядзеньне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП РБ) Аршанскі суд двойчы караў яго штрафамі. Першы раз аршанец атрымаў 20 б.в, другі раз – 22 б.в (539 рублёў). Акурат другую пастанову Кузьмянкоў абскардзіў у Віцебскім абласным судзе.
“Рашэнне аблсуду пакінуць пастанову без зменаў мяне зусім не здзіўляе. Іншага я і не чакаў. Наадварот, меркаваў, што могуць яшчэ і дабавіць да гэтага штрафу. Бо пра які справядлівы суд у нашай краіне можна наогул гаварыць?..” – падзяліўся сваім меркаваннем з “Віцебскай вясной” Раман Кузьмянкоў.
Аршанец збіраецца далей абскарджваць рашэнне суду. Кажа, што дойдзе да Эўрапейскага суду па правах чалавека.
Ужо доўгі час Раман не можа знайсці ў Воршы працу. Сцвярджае, што “яе няма тут гадамі”. Гэтак прыйшоў да пратэсту. “Супакойвацца не збіраюся”, – запэўнівае аршанец.
Нагадаем таксама, што пасля першага затрымання Рамана Кузьмянкова ў яго доме адбыўся ператрус. Каб праверыць, ці не дыскрэдытуе Кузьмянкоў прэзыдэнта і мясцовых чыноўнікаў, у аршанца забралі аргтэхніку. Зрэшты, крымінальную справу так і не завялі, кампутар жа дагэтуль не вярнулі.