25 чэрвеня Спецыяльны дакладчык ААН Міклаш Харасці прадставіў шосты даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на 38 сэсіі Савета па правах чалавека ААН.
Ён адзначыў, што з таго моманту, як Савет ААН па правах чалавека заснаваў мандат Спецдакладчыка, жыццё ў Беларусі рэгламентавалася мэтанакіраванай рэпрэсіўнай прававой базай, што пагаршалася рэпрэсіямі з прымяненнем гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, няўрадавых арганізацый, палітычных апанентаў, праваабаронцаў і супрацоўнікаў незалежных СМІ, якія рэгулярна паўтараюцца і цэнтралізавана плануюцца.
"Я б вельмі хацеў паведаміць вам аб прагрэсе, дасягнутым на працягу ўсіх гэтых гадоў або, прынамсі, у гэты заключны перыяд, але, як паказана ў дакладзе, на працягу гэтых шасці гадоў улады не зрабілі аніякіх істотных і адчувальных зменаў у агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Ні рэформы, ні нават дробныя крокі не былі ініцыяваныя ўладамі дзеля паляпшэння сітуацыі", - падкрэсліў Міклаш Харасці.
У адказ на выступ Спецдакладычыка кіраўнік сталага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэневе Юры Амбразевіч заявіў пра прынцыповае непрызнанне мандата Спецыяльнага дакладчыка ўрадам краіны:
"Мы суверэнная дзяржава, здольная досыць эфектыўна вырашаць задачы развіцця грамадства, забяспечваць функцыянаванне ўсіх яго сістэм і не маем патрэбы ў нейкім знешнім маніторынгу, дакучлівых дарадцам і тым больш у спецыяльным дакладчыку Савета ААН па правах чалавека, чый пост быў заснаваны без згоды ўрада Беларусі".
Варта дадаць, што нацыянальныя і міжнародныя праваабаронцы выступаюць за падаўжэнне мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі.
Нагадаем, Міклаш Харасці (Венгрыя) быў прызначаны Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Саветам па правах чалавека ААН у 2012 годзе.Яго паўнамоцтвы скончваюцца 31 кастрычніка бягучага года. Да гэтага часу, акрамя прадстаўлення даклада на сэсіі Савета па правах чалавека ААН, ён прадставіць яго і на Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Спецыяльныя дакладчыкі з'яўляюцца часткай спецыяльных працэдураў Савета па правах чалавека. Спецыяльныя працэдуры, найбуйнейшы орган незалежных экспертаў у сістэме Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека, — гэта агульная назва незалежных механізмаў выяўлення фактаў і маніторынгу Савета, якія тычацца альбо канкрэтных сітуацый у краінах, або тэматычных пытанняў ва ўсіх частках свету. Эксперты спецыяльных працэдур працуюць на добраахвотнай аснове; яны не з'яўляюцца супрацоўнікамі ААН і не атрымліваюць зарплату за сваю працу. Яны не залежаць ад якога-небудзь ўрада ці арганізацыі і выступаюць у асабістай якасці.
Файлы
- Даклад Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі (0.54 Mb)
Крыніца: Міклаш Харасці заклікае СПЧ ААН працягнуць мандат спецдакладчыка па Беларусі Відэа Дакумент