Сябры ініцыятыўнай групы, што выступае супраць пабудовы акумулятарнага завода, Дзмітрый Бекалюк і Алег Ермоленка 24 чэрвеня збіралі подпісы за адстаўку кіраўніцтва горада, вобласці і раёна.
Як паведамляе "Берасцейская Вясна", у гэты ж самы час блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў у тым жа месцы, на рынку, гулялі ў шахматы і вялі “стрым” таго, што адбываецца на прыступках галоўнага ўвахода на Цэнтральны рынак г. Брэста.
Неўзабаве з'явіліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і пачалі здымаць збор подпісаў на свае тэлефоны.
Яшчэ праз нейкі час блогеры пабачылі, што да рынка пад’ехаў намеснік начальніка Ленінскага РАЎС Мікалай Самасюк.
У выніку 4 асобы былі затрыманыя і дастаўленыя ў Ленінскі РАЎС: Дзмітрый Бекалюк, Ермоленка Алег, якія збіралі подпісы, а таксама блогер Сяргей Пятрухін і мінак Зміцер Андрасюк. Затрыманне адбылося каля 14 гадзіны.
У райаддзеле на затрыманых склалі пратаколы апытання і адпусцілі. А16-30 выйшаў Дзмітрый Бекалюк - апошні з затрыманых.
“Мы закон не парушалі, нас няма за што прыцягваць да адказнасці”, - перакананыя затрыманыя.
Крыніца: “Мы закон не парушалі, нас няма за што прыцягваць да адказнасці”