Журналістка-фрылансер Ларыса Шчыракова з Гомеля атрымала паведамленне за подпісам начальніка Светлагорскага райаддзела міліцыі Аляксандра Зязёткі пра спыненне супраць яе адміністрацыйнай справы, піша ГА "БАЖ". Супрацоўнік міліцыі спасылаецца на п. 3 ч. 1 артыкула 9.6 і артыкул 11.10 КаАП Рэспублікі Беларусь.
“Дробязь, а прыемна. Хоць не на сканчэнне тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнаня варта было спасылацца, а на памылку і абсурднасць абвінавачвання”, — сказала службе маніторынгу ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова.
Адміністрацыйны пратакол на журналістку паводле артыкула 22.9 КаАП склаў старшы лейтэнант міліцыі Алег Каўцэвіч. У ім пазначана што 9 сакавіка а 8-й гадзіне раніцы Шчыракова незаконна інтэв'юіравала жыхароў вёскі Якімава Слабада Светлагорскага раёна, а пасля размясціла відэаінтэв'ю ў “Навінах” на польскім спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”.
“Дальбог, у гэты час я мірна спала ў сябе дома. Да таго ж на тэлеканале “Белсат”, наколькі вядома, не існуе праграмы “Навіны”, — дадае журналістка.
Вышэйзгаданы адміністрацыйны пратакол, складзены супрацоўнікам міліцыі Алегам Каўцэвічам, суддзя Светлагорскага раёна Руслан Царук разглядаў на судовым паседжанні 24 красавіка, але перанёс разгляд, каб выклікаць у суд аўтара пратакола. І калі той не змог уцямна патлумачыць абставіны прэтэнзіяў да журналісткі, суддзя Царук адправіў пратакол у РАУС на дапрацоўку.
У міліцыі дачакаліся сыходу тэрмінаў адміністацыйнага спагнання і паведамілі Ларысе Шчыраковай, што справа пра парушэнне ёю артыкула 22.9 КаАП закрытая.
Крыніца: У Светлагорску спынілі справу супраць журналісткі за інтэрв’ю, якога не было