У панядзелак, 18 чэрвеня, грамадскія дзеячы Беларусі звярнуліся да кіраўніцтва Германіі, Польшчы, Аўстрыі ды Ізраіля з заклікам уключыць наведванне Курапат у праграму бліжэйшага афіцыйнага візіту ў Беларусь, перадае ГА "БАЖ". АДКРЫТЫ ЛІСТ ДА ПРЭЗІДЭНТАЎ ГЕРМАНІІ, ПОЛЬШЧЫ, АЎСТРЫІ, ІЗРАІЛЯ
Вельмішаноўныя спадары Франк Вальтэр Штайнмайер, Анджэй Дуда, Ван дэр Бэлен, Рэўвен Рыўлін!
Паводле інфармацыі афіцыйнага Мінска, 29 чэрвеня запланаваны Ваш візіт у Беларусь на адкрыццё Мемарыяла ў Трасцянцы – нацысцкім лагеры смерці, дзе ў 1941-44 гадах было знішчана больш як 206 тысячаў чалавек.
Побач з Мемарыялам Трасцянец знаходзіцца ўрочышча Благаўшчына, месца пахавання ахвяраў бальшавіцкага рэжыму. Але над ім не помнік, не крыжы, а гарадская звалка-сметнік. І гэта невыпадкова: беларускія ўлады дасюль утойваюць факт камуністычнага генацыду, маштабы сталінскіх рэпрэсій. На Беларусі сотні такіх пахаванняў – і толькі Курапаты сталіся адзіным месцам ушанавання ахвяраў камуністычнага тэрору, юрыдычна прызнаным дзяржавай. Але нават тут рэгулярна адбываюцца акты вандалізму.
У пачатку чэрвеня ў ахоўнай зоне найбуйнейшага беларускага нацыянальнага некропалю Курапаты, дзе сталінскія каты ў 1937-1941 гадах расстралялі да 250 тысячаў бязвінных людзей, з дазволу ўладаў адчыніўся рэстаранна-забаўляльны комплекс.
Курапаты, адзін з самых вялікіх у Еўропе і свеце некропаляў ахвяраў таталітарных рэжымаў, стаяць у адзіным шэрагу з Асвенцымам, Майданэкам, Катынню. З’яўленне ў ахоўнай зоне мемарыялу рэстаранна-забаўляльнага комплексу выклікала абурэнне беларускага грамадства. Але на гэты вандалізм ніяк не адрэагавалі афіцыйныя ўлады. Больш за тое, яны пачалі пераслед не тых, хто вінаваты ў здзеку з памяці закатаваных, а людзей, якія арганізавалі бестэрміновую варту пратэсту з патрабаваннем зачыніць рэстаранна-забаўляльны комплекс у Курапатах.
Мы просім Вас звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю вакол Курапатаў.
Звяртаемся да Вас, а таксама да афіцыйных кіраўнікоў Вашых дэлегацый, з заклікам уключыць Курапаты ў праграму візітаў у Беларусь. Мы просім Вас ускласці кветкі на магілы безыменных ахвяраў камуністычнага тэрору.
Нацысцкія і камуністычныя злачынствы супраць чалавечнасці мусяць быць асуджаныя, каб яны не паўтарыліся.
Святлана Алексіевіч, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры
Ірына Вештард, “Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)”
Юрый Губарэвіч, Рух “За Свабоду”
Анатоль Лябедзька, “Аб’яднаная грамадзянская партыя”
Алена Макоўская, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
Вольга Нікалайчык, “Еўрапейская Беларусь”
Уладзімір Някляеў, “Беларускі нацыянальны кангрэс”
Алесь Пашкевіч, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
Барыс Пятровіч (Сачанка), ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
Павел Севярынец, “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”
Вячаслаў Сіўчык, Рух салідарнасці "Разам"
Ніна Шыдлоўская, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
Аляксей Янукевіч, “Партыя БНФ”
Андрэй Бастунец, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"