Вахту каля рэстарацыі «Поедем поедим» 18 чэрвеня трымалі актывісты грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва», а ў другой палове дня ім на дапамогу прыехалі і актывісты БСДП (Грамада). Усяго 7 чалавек. Ці хопіць іх на блякаваньне рэстарацыі? – ставіць пытанне Радыё Свабода.
Кіраўнік “Альтэрнатывы” Алег Корбан мяркуе, што не пускаць у рэстарацыю аўтамабілі з прадуктамі і наведнікаў ня варта — лепш сканцэнтравацца на тлумачальнай місіі.
“Мы ў „Альтэрнатыве“ за варыянт, які прапанаваў Зьміцер Дашкевіч. Каб пікетаваньне тут праходзіла рэгулярна, але мірна, без канфліктаў. Навошта павялічваць колькасьць тых, хто супроць нас?», — сказаў Алег Корбан і распавёў пра кампанію з трох маладзёнаў, якія нядаўна прыехалі ў «Поедем поедим». Маладыя людзі былі нападпітку і казалі пра сябе, што адмыслова прыехалі ў гэтую рэстарацыю паесьці, бо ім усё роўна, што тут Курапаты.
«Хіба такіх спыніш? Іх не пераробіш. Але з астатнімі мы спрабуем гаварыць, растлумачыць, што і як, прысароміць, калі можна. І бачым, што шмат на каго гэта дзейнічае», — кажа Алег Корбан.
Зь ім пагадзіліся аднадумцы з «Альтэрнатывы» Сяргей Качур і Алег Кероль. Паводле іхніх падлікаў, у рэстарацыю сёньня з 12 гадзіны праехалі толькі 5 наведнікаў на двух аўтамабілях ды некалькі машын з прадуктамі.
Аднак у шэрагах абаронцаў Курапатаў застаюцца і прыхільнікі жорсткага варыянту. Так, супраць «мяккай» стратэгіі, якую прапанаваў лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч, выказаўся сябра БСДП (Грамада) Алесь Абрамовіч і актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў.
«А як весьці тлумачальную працу, калі не спыняць аўтамабіляў? Мы дзяжурылі ў Курапатах у суботу, і, па маіх назіраньнях, калі б не спынялі аўтамабілі, з намі б ніхто не размаўляў. 70% проста праскоквалі б міма. Так, давялося і класьціся на дарогу, каб не прапусьціць асабліва ўпартых. Калі не блякаваць, то няма сэнсу і стаяць у пікеце. Але мы ж нікому гвалту ня чынім, гэта супроць нас ужываюць гвалт», — заўважыў Леанід Кулакоў.
Тым часам, як паведамляе TUT.by аргкамітэт па абароне Курапатаў напісаў адкрыты ліст да прэзыдэнтаў Германіі, Польшчы, Аўстрыі і Ізраіля, якія плануюць наведаць Беларусь 29 чэрвеня. У лісце абаронцы просяць ўключыць у праграму візіту ў Беларусь наведванне ўрочышча Курапаты.
29 чэрвеня запланаванае адкрыццё мемарыяла ахвярам нацызму ў Трасцянцы пад Мінскам. На цырымонію былі запрошаныя прэзідэнты Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Бэл, Польшчы Анджэй Дуда і Ізраіля Рэўвен Рывлін.
Абаронцы Курапатаў у сваім адкрытым лісце прэзідэнтам напісалі, што адначасова з будаўніцтвам мемарыяла ў Трасцянцы ў Беларусі «ўспыхнула тэма сталінскага Асвенцыма - Курапатаў», дзе з дазволу ўладаў адкрыўся рэстаранна-забаўляльны комплекс "Поедем поедим».
«Курапаты стаяць у адным шэрагу з Асвенцымам, Майданэкам, Катынню. Гэта адзін з самых вялікіх у Еўропе і свеце магільнікаў ахвяраў таталітарных рэжымаў. Адкрыццё Курапатаў лідэрам беларускага руху Зянонам Пазьняком 30 гадоў таму, розгалас і шок ад маштабу сталінскіх рэпрэсіяў па ўсім Саюзе сталі адной з прычынаў развалу савецкай імперыі. Мы просім Вас звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю вакол Курапатаў», — пішуць абаронцы.
Яны таксама просяць дэлегацыю ўключыць у праграму візіту ў Беларусь наведванне ўрочышча Курапаты.
Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, 18-га чэрвеня рэжысёр Аляксей Туровіч і іншыя актывісты не прапусцілі на тэрыторыю забаўляльнага комплексу некалькі аўтамабіляў, у тым ліку і машыну дырэктаркі ўстановы, якая выклікала на абаронцаў Курапат дзяржаўтаінспекцыю. У выніку на Туровіча аўтаінспектарамі быў складзены пратакол за знаходжанне на праезнай частцы.
Агулам, ад пачатку пікетавання рэстараннага комплексу "Поелем поедим", па падліках праваабаронцаў "Вясны", на абаронцаў Курапатаў было складзена каля 60-ці пратаколаў правапарушэнняў на 28 ўдзельнікаў акцый пратэсту.
Файлы
Крыніца: Абарона Курапатаў: пераход да мяккіх варыянтаў пратэсту? Дакумент