12 чэрвеня ў Мінску адбылася прэзентацыя кніг былых палітзняволеных Алеся Кіркевіча “Сем месяцаў у беларускай турме” і Міколы Дзядка “Фарбы паралельнага свету”. Гэтыя дзве кнігі ўвайшлі ў серыю “Беларуская турэмная літаратура”, распрацаваную Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Першыя кнігі з дадзенай серыі - "Еду ў Магадан" Ігара Аліневіча і "Бунт батанікаў" Зміцера Дразда – былі прэзентаваныя ў лістападзе мінулага года.
Напачатку мерапрыемства выступіў палітык Анатоль Лябедзька, які пасля Плошчы 2010 года некаторы час знаходзіўся з Алесем Кіркевічам у адной турэмная камеры. Ён падзякаваў ПЦ “Вясна” за тое, што кнігі былых палітвязняў пабачылі свет. Гэты кнігі, на думку палітыка, ілюстрацыя таго, што адбываецца ў Беларусі.
“Амаль ніхто з нас не збіраўся станавіцца ні паэтамі, ні пісьменнікамі. Нас прымусілі імі стаць. Ні Валадарка, ні Амерыканка нікуды не зніклі, а застаюцца часткай нашай гісторыі. Але калі людзі атрымліваюць гэты турэмныя кнігі ў выглядзе дзённікаў-успамінаў, то канешне яны адчыняюць для сябе іншую Беларусь”, - распавёў Лябедзька, які таксама напісаў “турэмную” кнігу - “108 дзён і начэй у засценках КДБ”.
Рэдактарка незалежнай газеты “Новы час” Аксана Колб адзначыла талент Дзядка і Кіркевіча, якія, нягледзячы на розныя палітычня погляды, працуюць у гэтай адной газеце. Яна выказала спадзеў, што наперадзі ў хлопцаў яшчэ шмат розных цікавых кніг, але не на турэмную тэматыку.
У сваім выступе Мікола Дзядок зрабіў акцэнт на тых мэтах, якія ставіў перад сабой падчас напісання кнігі “Фарбы паралельнага свету”. Але спачатку ён падкрэсліў, што не адлюстроўваў на старонках кнігі самыя жахлівыя і гвалтоўныя рэчы, якія бачыў за кратамі, бо, на яго думку, грамадства і так моцна запалохана.
“Тры прычыны, чаму была напісана мая кніга: Першая прычына - дэрамантызаваць крымінальны свет, які вельмі рамантызаваны ў жыхароў постсавецкай супольнасці. Я хацеў паказацб, што турма не нясе ў сябе ніякай справядлівасці, нічога добрага, а толькі зло, гвалт ды прыцісканне слабейшага мацнейшым. Другая прычына – жаданне дэсакралізаваць тыя метады, якімі карыстаецца ўлада для падаўлення чалавека ў няволі і тым самым паказаць людзям, якія, спадзяюся, ніколі там не апынуцца, як можна супрацьстаяць гэтым метадам. І трэцяя прычына - паказаць, што турма – гэта не нейкая адасобленая інстытуцыя, а звычайны інстытут у грамадстве, у якім існуюць тыя самыя практыкі, як і ў іншых інстытутах (школах, універсітэтах, войсках)”.
Затым выступіў Алесь Кіркевіч, які дарэчы ўжо прэзентаваў сваю кнігу “Сем месяцаў у беларускай турме” у Гародні. Былы палітвязень выказаў падзяку “Вясне” як за падтрымку ў выданні кнігі, так і за дапамогу ў 2011 годзе, калі ён быў у зняволенні. Кіркевіч адзначыў, што актуальнасць жанра турэмнай літаратуры нельга зараз ацаніць адназначна.
“З аднога боку, канешне шкада, што гэты жанр не адыходзіць у мінулае. Ён жыве разам з імёнамі шматлікіх людзей, якія адсядзелі за свае перакананні, адчулі моцны прэсінг, але працягваюць занатоўваць свае ўражанні і ўспаміны. Але ёсць і пазітыўны момант. Бо дзякуючы гэтай літаратуры праблемы звычайных вязняў усё ж такі даходзяць да вольнага свету. То бок кнігі могуць распавесці пра тыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца звычайныя людзі, якія сядзяць не за палітыку”.
Напрыканцы імпрэзцы старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі таксама адзначыў вялікую каштоўнасць тых кніг, якія былі напісаныя ў месцах зняволення. Ён падкрэсліў, што асноўная функцыя турэмнай літаратуры ў Беларусі – гэта занатоўванне нашага часам драматычнага часу.
"Аўтары кніг – гэта шэраговыя ўдзельнік супраціву супраць аўтарытарнага рэжыму. Часта яны пішуць пра адныя і тыя ж рэчы, але пішуць па-рознаму, кожны са свайго пунтку гледжання. І ў гэтым ёсць каштоўнасць такіх кніг", - адзначыў праваабаронца.
Таксама Алесь Бяляцкі паведаміў, што серыя “Беларуская турэмная літаратура” будзе працягвацца і папаўняцца новымі кнігамі.
“Гэтыя творы – адлюстраванне сённяшняй Беларусі”. У Мінску прэзентавалі новыя кнігі з серыі “Беларуская турэмная літаратура”