Праваабаронца Валянцін Стэфановіч патрабуе разабрацца з тымі, хто змяніў межы ахоўнай зоны месцаў масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты”, што дазволіла пабудаваць там рэстаранна-забаўляльны комплекс “Паедзем-паядзім”.
У сваім звароце ў Генеральную пракуратуру Беларусі Стэфановіч нагадвае, што яшчэ ў кастычніку 2012 года намеснікам Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Курашам В.І. было вынесенае прадпісанне аб прыпыненні будаўніцтва кампаніяй “БелРестИнвест» аб’екта прыдарожнага сэрвісу да ўзгаднення з Мінкультам адпаведнай дакументацыі. Адной з прычын прыпынення будаўніцтва стаў той факт, што некаторыя пабудаваныя аб’екты знаходзіліся на тэрыторыі ахоўнай зоны “Курапаты”, межы якой былі ўстаноўленыя адпаведнай пастановай Мінкульта Рэспублікі Беларусь. Тады ж Генеральная пракуратура ў вынесенным прадпісанні прыйшла да высноваў аб самавольным характары будаўніцтва гэтага аб’екта і даручыла Мінаблвыканкаму і Мінскаму райвыканкаму ліквідаваць дапушчаныя парушэнні, прыцягнуць шэраг службовых асобаў да дысцыплінарнай адказнасці.
Аднак у 2014 г. па незразумелай прычыне ў пастанову Мінкульта аб вызначэнні межаў ахоўнай зоны месца масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты” былі ўнесеныя змены, якія змянілі межы ахоўнай зоны змяняюцца такім чынам, каб у іх не патрапілі будынкі самавольна пабудаванага аб’екту (рэстарана).
У сувязі з вышэйадзначаным Валянцін Стэфановіч просіць правесці пракурорскую праверку законнасці і абаснаванасці ўнясення зменаў у пастанову Мінкульта Рэспублікі Беларусь ад 12.05.2004 г. № 15 і змяненні межаў ахоўнай зоны месцаў масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты”, а таксама іншых рашэнняў дзяржаўных органаў аб узгадненні далейшага будаўнітцва рэстарана “Паедзем-паядзім”.
Аналагічны зварот праваабаронца накіраваў таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Актывісты,якія ад пачатку чэрвеня пікетуюць уезд у рэстаран “Паедзем-паядзім”, 12 чэрвеня плануюць таксама перадаць звароты з патрабаваннем спыніць дзейнасць забаўляльнага комплексу ў Камітэт дзяржкантролю, Генпракуратуру і Мінаблвыканкам.
Крыніца: Стэфановіч: З маральнага боку адкрыццё рэстарана “Паедзем-паядзім” не вытрымлівае ніякай крытыкі