Зміцер Лупач. Фота: belsat.eu “Белсат” паведамляе, што суддзя Вячаслаў Елісеенка з суду Докшыцкага раёну Віцебскай вобласці закрыў справу ў дачыненні да фрылансера Зміцера Лупача «за недаказанасцю правапарушэння».

У красавіку докшыцкія міліцыянты склалі на журналіста пратакол па ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») за рэпартаж для нашага каналу аб тым, як жыхары вёскі Варганы плацяць ад 40 да 60 рублёў за вываз не смецця. Матэрыял выйшаў у эфір 21 красавіка.

«Каментары дзвюх жанчын я запісаў яшчэ ўзімку. Яны распавялі мне пра праблемы з аплатай за вываз смецця. Але ў мяне не было карцінкі, я чакаў, калі гэтае смецце будуць вывозіць. Зрабіць гэта атрымалася толькі 5 красавіка. Яшчэ мне ўдалося запісаць трактарыста», – распавядае фрылансэр.

«Міліцыянты дапыталі тых жанчын, яны пацвердзілі, што я быў у іх у лютым. Толькі адзін сведка, той трактарыст, даводзіў, што я здымаў 19 красавіка. Я яго двойчы запытаў, ці ён упэўнены ў гэтым. Ён пацвердзіў, што так, 19-га. І толькі калі на працэсе прагледзелі сюжэт, там было бачна, што гэта было 5-га, – кажа Зміцер Лупач. – Акрамя гэтага, 19 чысла я ў быў у іншым месцы. Карацей, атрымалася так, што суд мяне апраўдаў за недаказанасцю правапарушэння».

«Сведка настойваў на іншай даце. І я, дзякуючы парадзе майго адваката, на гэтым згуляў», – кажа Зміцер Лупач.

Падобны прэцэдэнт, калі адміністрацыйную справу ў дачыненні да аўтара «Белсату» зачынілі, аднойчы здарыўся толькі з Алесем Сілічам.

Артыкул аб «Незаконным вырабе прадукцыі СМІ і працы без акрэдытацыі» – найбольш распаўсюджаны захад ціску на журналістаў і фрылансэраў, якія супрацоўнічаюць з нашым каналам. Паводле «Рэпарцёраў без межаў», 94% беларускіх журналістаў, якія трапляюць пад пераслед беларускіх уладаў, – аўтары “Белсата”. З пачатку года супраць іх адбылося больш за 30 судовых працэсаў.

Крыніца: Аўтара «Белсату» апраўдалі ў судзе. Гэта ўнікальны выпадак