Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў выступіў з заявай у сувязі з прымяненнем смяротнага пакарання ў Беларусі. У сярэдзіне мая 2018 года ў Беларусі патаемна былі ажыццёўлены два смяротныя пакаранні – Віктара Лётава і Аляксея Міхалені. Акрамя таго, сёння Вярхоўны суд Беларусі адхіліў скаргі на вынясенне смяротных прысудаў Вячаславу Сухарку і Аляксандру Жыльнікаву.
"Працяг прымянення смяротнага пакарання супярэчыць заяўленай Беларуссю гатоўнасці ўзаемадзейнічаць з міжнароднай супольнасцю, у тым ліку з Еўрапейскім саюзам, па гэтым пытанні і разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнай кары. Адчувальныя крокі, зробленыя Беларуссю для забеспячэння ўсеагульных правоў чалавека, у тым ліку і ў адносінах да прымянення смяротнага пакарання, з'яўляюцца ключавымі пры фармаванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі", - гаворыцца ў заяве, размешчанай на афіцыйным сайце.
"Еўрапейскі саюз рашуча і недвухсэнсоўна выступае супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах. Смяротнае пакаранне парушае неад'емнае права на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і з'яўляецца жорсткім, бесчалавечным і зневажаючым годнасць пакараннем. Акрамя таго, смяротнае пакаранне не выступае ў якасці фактару, які стрымлівае злачынства, і якое-кольвек памылковае суджэнне не можа быць выпраўлена", - выказваецца Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
Крыніца: Еўрапейскі саюз рашуча і недвухсэнсоўна выступае супраць смяротнага пакарання