Сузаснавальніцу праекта MAKEOUT.BY Віку Біран 28 траўня ў 16.00 выклікалі ў РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска для ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе па ч. 1 арт. 23.34 КаАП.
Дзяўчына схадзіла ў РУУС, дзе на яе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за правядзенне масавага мерапрыемства - адзіночнага пікету, без дазволу Мінгарвыканкама.
У кабінеце ўчастковы зачытваў артыкул з інтэрнэт-выдання Citydog.by, прасіў растлумачыць хто такія ЛГБТ-людзі і трансгендэры, гаварыў пра сямейныя каштоўнасці і дзяцей. Даваць якія-небудзь тлумачэнні Віка Біран адмовілася.
У пратаколе напісана: "Прыняла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве - пікетаванні, які праводзіўся без дазволу Мінгарвыканкама з мэтай выказвання свайго асабістага стаўлення да ЛГБТ-супольнасці, што выявілася ў публічнай дэманстрацыі плаката з выкананым на ім надпісам "САМІ ВЫ ПАДРОБКА".
Пратакол у РУУС Маскоўскага раёна быў складзены толькі за адзін са здымкаў. Цяпер актывістку чакае суд.
Нагадаем, 24 траўня Віка Біран сфатаграфавалася з плакатам "Самі вы падробка" на фоне Дома Урада, будынкаў МУС і КДБ.
Пасля гэтага яна апублікавала фота на сваёй старонцы ў фэйсбуку з подпісам:
МУС кажа: «ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці - усяго толькі падробка!»
А я кажу: «Самі вы падробка! Ваша публічная гамафобія, вашыя мэты ўстойлівага развіцця, ваша сяброўства ў ААН, ваша выкананне правоў чалавека - гэта падробка».
20 траўня на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутранных спраў з’явіўся артыкул гамафобнага зместу пад назвай “Мы за сапраўднае”, у якім МУС непрыязна выказвалася пра людзей ЛГБТК+ і вясёлкавы сцяг, які амбасада Велікабрытанія размясціла над сваім уваходам у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй – 17 траўня.
У адказ на артыкул, на наступны дзень неабыякавыя грамадзяне стварылі петыцыю “За сапраўдную міліцыю – для ўсіх”, у якой просяць Генеральную пракуратуру правесці праверку законнасці такіх выказванняў з боку МУС, прыбраць дадзены артыкул з афіцыйнага сайта дзяржоргана і надалей устрымацца ад каментароў падобнага кшталту. За тры дні петыцыю падпісала больш за 1 500 чалавек.
Крыніца: На актывістку Віку Біран склалі пратакол за фатаграфію з плакатам