Былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" у судзе. Фота: БеалаПАН. Былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Сяргей Стрыбульскі, Віктар Мароз, Віктар Данілаў і Андрэй Дундукоў патрабуюць у Міністэрства фінансаў кампенсаваць маральную шкоду, атрыманую ў выніку незаконнага затрымання, прыцягнення іх у якасці абвінавачаных, утрымання пад вартай, а таксама прымянення падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Суд Маскоўскага раёна г. Мінска 4 красавіка 2018 г. адмовіў у калектыўнай пазове чатыром былым фігурантам справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадках”.

Заяўнікі накіравалі скаргу на рашэнне суда Маскоўскага раёна. Касацыйны судовы разгляд прызначаны на 31 траўня, 11.00 у Мінскім гарадскім судзе.

Нагадаем, крымінальная справа "Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" (ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) была распачатая КДБ напярэдадні акцыі 25 сакавіка 2017 года. У межах яе былі затрыманыя больш за 30 асобаў, якія ўтрымліваліся ў следчых ізалятарах КДБ і МУС, паступова частка з іх была вызваленая з-пад варты і крымінальны пераслед супраць іх быў спынены, а 16-ці фігурантам было прад’яўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК - "Аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання”. На момант, калі за кратамі заставаліся 14 фігурантаў справы, Следчы камітэт паведаміў, што прыняў да вытворчасці справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, а крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч.3 арт.293 КК КДБ спыніў.

Пасля з’яўлення інфармацыі пра катаванні ў СІЗА КДБ праваабарончыя арганізацыі Беларусі запатрабавалі вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў гэтай крымінальнай справы. 27 - 30 чэрвеня, у сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, з-пад варты былі вызваленыя ўсе 14 абвінавачаных па крымінальнай справе аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання, якія заставаліся ў следчых ізалятарах. 27 лістапада Следчы камітэт спыніў крымінальны пераслед ўсіх фігурантаў справы па арт. 287 КК РБ.

Крыніца: Былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” працягваюць дамагаюцца маральнай кампенсацыі