"Гарадзенская вясна" перадае, што 28 траўня ў Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця прайшла прэзентацыя чарговай кнігі з серыі "Беларуская турэмная літаратура", якую рыхтуе і выдае Праваабарончы Цэнтр "Вясна". На гэты раз былі прадстаўлены ўспаміны былога палітвязня Алеся Кіркевіча, нараджэнцца горада над Нёманам.

Усю серыю "БТЛ" і кнігу Кіркевіча "Сем месяцаў у беларускай турме" на пачатку прадставіла рэдактарка серыі, вядомая праваабаронца "Вясны" Алена Лапцёнак, якая адмыслова прыехала на сустрэчу з гарадзенцамі.

Сам аўтар расказаў пра тое, што ён хацеў укласці ў сваю кніжку. Таксама выступіла маці былога палітвязня, а цяпер журналіста, Ларыса Кіркевіч, якая падзякавала ўсім, хто падтрымліваў яе і Алеся, калі ён быў у турме.

Напрыканцы сустрэчы выканаў песню ведамы гарадзенскі рок-музыка Алесь Дзянісаў. Прыйшоўшыя на сустрэчу людзі мелі магчымасць атрымаць усе кніжкі серыі "Беларуская турэмная літаратура".

Крыніца: У Гародні прайшла прэзентацыя "турэмнай" кнігі Алеся Кіркевіча