29 траўня у 9.30 гадзін ў Вярхоўным судзе адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Жыльнікава.
Гэта апошняя інстанцыя на нацыянальным узроўні, куды можа звярнуцца асуджаны. Калі Вярхоўны суд пакіне прысуд Аляксандру Жыльнікаву без зменаў, мужчына з дапамогай праваабаронцаў збіраецца звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН, каб адстаяць сваё права на жыццё.
Другі абвінавачаны – Вячаслаў Сухарко, па інфармацыі каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяртнага пакарання ў Беларусі” Андрэя Палуды,абскарджваць вырак не збіраецца, аднак яго адвакат усё адно павінен звярнуцца ў апеляцыйную інстанцыю.
Нагадаем, Аляксандр Жыльнікаў і ягоны знаёмы Вячаслаў Сухарко былі абвінавачаныя ў забойстве трох чалавек, разбоі, крадзяжы дакументаў. Разам з імі па справе праходзіла таксама Аліна Шульганава, якая абвінавачвалася ў арганізацыі прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання чалавека.
Мінскі гарадскі суд абвясціў прысуд па дадзенай справе 6 сакавіка 2017 года: пажыццёвае зняволенне для мужчын і 12 гадоў пазбаўлення волі для жанчыны. 14 ліпеня Вярхоўны суд адправіў справу на паўторны разгляд у суд першай інстанцыі з новым складам судовай калегіі па крымінальных справах.
20 студзеня на паўторным працэсе Мінгарсуд абвесціў прысуды абвінавачаным у забойстве ў снежні 2015 года маладой пары з Мінску і мужчыны з Калодзішчаў: для Вячаслава Сухарко і Аляксандра Жыльнікава - смяротнае пакаранне, для Аліны Шульганавай - 12 гадоў пазбаўлення волі.
Трагедыя ў Мінску адбылася ў снежні 2015 г. - у сваёй кватэры былі забітыя малады хлопец і яго дзяўчына. Былая сяброўка маладога чалавека, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава, не змагла змірыцца з тым, што яе кавалер сышоў да іншай, і вырашыла саперніцу правучыць. Выканаўцы перастараліся - замест таго, каб прыстрашыць саперніцу, забілі і новую выбранніцу хлопца, і яго самога.
Адразу пасля затрымання стала вядома, што Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко датычныя яшчэ і да забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваёй хаце аднаму з іх.
Крыніца: Вярхоўны суд разгледзіць скаргу асуджанага да растрэлу Аляксандра Жыльнікава