“Радыё Свабода” перадае, што 21 траўня ў Першамайскім судзе прысудзілі штрафы актывістам Леаніду Кулакову і Маі Навумавай. Пакаралі іх за пікет, які прайшоў у Мінску 26 красавіка. Тады некалькі актывістаў выйшлі да Акадэміі навук, насупраць месца збору ўдзельнікаў Чарнобыльскага шляху.
Пікетоўцы трымалі ў руках партрэты палітвязняў і гучна скандавалі: «Свабоду!» ды «Жыве Беларусь!». Міліцыянты іх не чапалі, але на ўсіх склалі пратаколы.
Неўзабаве пасля акцыі над пікетоўцамі пачаліся суды, за яе ўжо адбылі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту актывісты Вольга Мікалайчык і Максім Вінярскі.
«Мяне судзілі нават без сведак. Быў адзін сведка-міліцыянт, але ў суд ён не прыйшоў. Зачыталі ягоны рапарт, з якога вынікае, што ён з'явіўся на акцыю, ведаючы, што там будзе наш пікет. Хацеў у яго спытаць, адкуль ён гэта ведае, але не ўдалося», — сказаў пасля суду Леанід Кулакоў.
У выніку актывіста аштрафавалі на 40 базавых велічыняў (980 рублёў). Мая Навумава аштрафаваная на 35 базавых велічыняў (857 рублёў 50 капеек).
У сераду 23 траўня ў Першамайскім судзе будуць судзіць за ўдзел у тым жа пікеце грамадскую актывістку Галіну Лагацкую.
Крыніца: Адбыліся чарговыя суды за пікет перад "Чарнобыльскім шляхам"