Па інфармацыі БАЖ, журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі абскарджвае ў абласным судзе пастанову суддзі Гомельскага раёна Тамары Застаўнецкай аб пакаранні паводле артыкула 22.9 КаАП. Суд пакараў журналіста максімальным адміністрацыйным штрафам — 1 225 рублёў за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ.
11 траўня суддзя Застаўнецкая завочна пакарала Жукоўскага буйным штрафам за тое, што ён, як сказана ў пастанове суда, “19 сакавіка знаходзіўся ў вёсцы Рудня Марымонава Гомельскага раёна, дзе вырабіў, а потым распаўсюдзіў на польскім спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” сюжэт пад назвай “Вясковы Армагедон: каровы дохнуць, працаўнікам выдаюць непрыдатнае малако”.
Сам Жукоўскі лічыць, што міліцыя, а за ёй і суды караюць фрылансераў за тое, што яны не прыхарошваюць сітуацыю, а адлюстроўваюць “рэальнае становішча людзей у малых мястэчках, вёсках ды аддаленых райцэнтрах, куды не заўсёды даязджаюць афіцыйныя дзяржаўныя прапагандысты, каб не псаваць агульны малюнак беларускага “дабрабыту і стабільнасці”.
Рэгіянальны юрыст ГА “Беларуская асацыяцыі журналістаў” Леанід Судаленка, які дапамагае Жукоўскаму абскарджваць пастанову на адміністрацыйны штраф, заяўляе, што спробы дзяржавы падзяліць інфармацыю на «законную» і «незаконную» — неправамерныя.
“Свабода слова і распаўсюд інфармацыі — гэта тое, на што не трэба пытацца дазволу ў дзяржавы. Яны гарантаваныя грамадзяніну Канстытуцыяй і міжнароднымі пагадненнямі, якія ратыфікавала Беларусь”, - каментуе сітуацыю Леанід Судаленка.
Крыніца: Гомельскі журналіст абскарджвае максімальны штаф па артыкуле 22.9 КаАП