Праваабарончаму цэнтру "Вясна" стала вядома пра гісторыю Уладзіміра Бандарэнкі, які ўжо восем (!) разоў асуджаны да пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса. За кошт гэтага яго першапачатковы тэрмін зняволення павялічыўся практычна ў два разы. Уладзімір Бандарэнка яшчэ ў 2003 годзе быў асуджаны да пазбаўлення волі на восем з паловай гадоў. І хоць яго тэрмін пакарання за ўчыненае злачынства скончыўся больш за пяць гадоў таму, ён да гэтага часу знаходзіцца ў калоніі.
Такая сітуацыя звязана быццам бы са «злосным непадпарадкаваннем патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Апошні з прысудаў па гэтым артыкуле быў вынесены яму 20 сакавіка 2018 году судом Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. На той момант неадбыты тэрмін складаў два гады, тры месяцы і восем дзён.
З верасня 2017 года Уладзімір Бандарэнка 26 разоў прыцягваўся адміністрацыяй калоніі №13 г. Глыбокае да дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе змяшчэння ў СІЗА і ПКТ за тое, што пасля 22 гадзін адсутнічаў на сваім спальным месцы і не выконваў каманду «адбой», без паважнай прычыны не выйшаў на працу ў складзе атрада, у які вызначаны, а таксама за тое, што знаходзячыся ў камеры СІЗА, ляжаў на падлозе і спаў.
Пры гэтым ні разу Уладзімір Бандарэнка не даваў пісьмовых тлумачэнняў з нагоды парушэння ім правіл унутранага распарадку папраўчай установы.
У судзе 20 сакавіка асуджаны сваёй віны не прызнаў, ад дачы паказанняў адмовіўся. Падчас папярэдняга следства ён таксама адмаўляўся ад дачы паказанняў.
Аднак, гэта не перашкодзіла суду лічыць віну Уладзіміра Бандарэнка даказанай на падставе паказанняў сведак - супрацоўнікаў ПК №13, пісьмовых матэрыялаў справы.
«Суд праверыў і ўстанавіў, што ў асуджанага Бандарэнка не мелася якіх-небудзь аб'ектыўных прычын для адмовы ад выканання законнага патрабавання прадстаўнікоў адміністрацыі ўстановы», - значыцца ў прысудзе.
Абцяжваючай акалічнасцю суд прызнаў тое, што Уладзімір Бандарэнка раней учыніў злачынства, за якое судзімасць не знятая і ня пагашаная, а таксама тое, што ён адміністрацыяй калоніі характарызуецца адмоўна, атэставаны як злосны парушальнік ўстаноўленага парадаку адбывання пакарання.
Зыходзячы з гэтага суд Глыбоцкага раёна палічыў, што Уладзіміру Бандарэнка варта «прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, паколькі прызначэннем іншага, больш мяккага пакарання мэты крымінальнай адказнасці, і перш за ўсё, папярэджанне новых злачынстваў з боку абвінавачанага ў дадзеным канкрэтным выпадку дасягнуты быць не могуць без ізаляцыі яго ад грамадства». І прыгаварыў яго яшчэ да аднаго з паловай гадоў пазбаўлення волі, а ў па сукупнасці прысудаў - да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Аналагічныя рашэнні былі прынятыя і на папярэдніх пасяджэннях па абвінавачванні Уладзіміра Бандарэнка ў «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства або дапусціўшай асабліва небяспечны рэцыдыў». Кожны раз да неадбытага ім тэрміну дадавалася да двух гадоў пазбаўлення волі.
І хоць па інфармацыі калоніі Уладзімір Бандарэнка на дрэнны стан здароўя не скардзіўся, суддзі ніяк не ўлічвалі наяўнасць у яго «дыссацыяльнага разладу асобы», а палічылі, што яго стан не суправаджаецца дэфіцытам кагнітыўных здольнасцяў і грубым парушэннем самакантролю. Зыходзячы з гэтага, нібыта Уладзімір Бандарэнка быў здольны абараняць свае правы і законныя інтарэсы ў крымінальным працэсе і ў абавязковым удзеле абаронцы не адчуваў патрэбы.
І хоць адзін з судоў палічыў, што Уладзімір Бандарэнка дзейнічаў з прамым намерам, жадаючы аказаць злоснае непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў калоніі, і меў на мэце ўхіленне ад папраўчага ўздзеяння, прычыны, па якіх ён рэгулярна адмаўляўся спаць на вызначыным для яго месцы, застаюцца няяснымі.
Што думаюць праваабаронцы?
Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на праблему наяўнасці артыкула 411 ў крымінальным заканадаўстве, які ўскладняецца тым, што спагнанні за парушэнні накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній - афіцэрамі Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта спараджае практыку адвольнага і выбарчага прымянення артыкула 411 - напрыклад, супраць непажаданага адміністрацыі папраўчай установы зняволенага або пры палітычным матыве уладаў.
Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што яшчэ ў снежні 2015 года Генеральная Асамблея ААН прыняла перагледжаны тэкст Мінімальных правілаў абыходжання са зняволенымі і ўхваліла яго назву - «Правілы Нэльсана Мандэлы» «у знак павагі да спадчыны памерлага прэзідэнта Паўднёвай Афрыкі Нэльсана Раліхлахлы Мандэлы, які правёў у турме 27 гадоў у ходзе барацьбы за правы чалавека, роўнасць, дэмакратыю і фарміраванне культуры свету ва ўсім свеце».
Так, у адпаведнасці з Правілам 39 меры спагнання ў дачыненні да зняволеных могуць уводзіцца толькі згодна з прынцыпамі справядлівасці і належнай прававой працэдуры. Зняволены ніколі не павінен падвяргацца паўторнаму спагнанню за адно і тое ж дзеянне або парушэнне; турэмная адміністрацыя павінна забяспечваць суразмернасць дысцыплінарнага спагнання і парушэнні, за якія такое спагнанне прызначаецца. Перад накладаннем дысцыплінарнага спагнання турэмная адміністрацыя павінна разгледзець пытанне аб тым, ці магло ў прынцыпе і якім чынам псіхічнае захворванне зняволенага або адхіленне ў яго развіцці паўплываць на яго паводзіны і здзяйсненне парушэння або дзеяння, якое стала падставай для прыняцця дысцыплінарных мераў. Турэмная адміністрацыя не павінна накладаць меры спагнання за якое-небудзь дзеянне зняволенага, якое лічыцца прамым следствам псіхічнага або ментальнага захворвання зняволенага.
Акрамя таго, Правіла 40 прадугледжвае, што вязьняў не варта прызначаць ў дысцыплінарным парадку на працу па абслугоўванні самой турэмнай установы. Сапраўды, цалкам правільным будзе ўскладаць працу па ўборцы на тых зняволеных, якія маюць да гэтага імкненне і жаданне і атрымліваюць за гэта ўстаноўленую плату. У якасці сродку перавыхавання Правілы прапануюць ускладаць на асуджаных толькі адказнасць за пэўныя віды сацыяльнай, адукацыйнай ці спартыўнай дзейнасці.
“Варта нагадаць, што крымінальная адказнасць па артыкуле 411 у выглядзе пазбаўлення волі прымяняецца фактычна за здзяйсненне дысцыплінарных праступкаў, якія ўжо былі пакараныя ў дысцыплінарным парадку.
Важным уяўляецца і тая акалічнасць, што па сэнсе дыспазіцыі артыкула 411 крыміналізавана толькі тое непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якое з'яўляецца формай процідзеяння адміністрацыі ў ажыццяўленні яе функцый. Гэта значыць, не кожная сукупнасць дысцыплінарных праступкаў з'яўляецца злачыннай; у большасці выпадкаў дысцыплінарныя правіны не маюць на мэце процідзеяння адміністрацыі ў «ажыццяўленні яе функцый», і рэакцыя на іх можа абмяжоўвацца выключна дысцыплінарнымі мерамі", - падкрэслівае Павел Сапелка.
Праваабаронца лічыць, што нявызначанасць паняццяў прывяла да таго, што артыкул 411 КК можна адвольна ўжываць як інструмент падаўжэння тэрміну пазбаўлення волі па меркаванні адміністрацыі папраўчай установы. Менавіта такая сітуацыя склалася ў дачыненні да асуджанага Уладзіміра Бандарэнка.
Нагадаем, што па гэтым жа артыкуле за некалькі дзён да вызвалення падаўжаўся тэрмін былым палітвязням Мікалаю Дзядку, Дзмітрыю Дашкевічу. Верагодна, гэты ж артыкул можа быць прыменена і да цяперашняга палітвязня Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў Горацкай калоніі №9, дзе для яго створаныя невыносныя ўмовы, а адміністрацыя калоніі шматразова выносіла спагнанні ў выглядзе сутак у ШІЗА і пераводу ў ПКТ за адмовы яго следаваць ў атрад, сфармаваны са зняволеных з «нізкім статусам».
Крыніца: Артыкул 411: Як тэрмін зняволення можа стаць бясконцым?