Раніцай 16 траўня да актывіста Іллі Міраненка ўварваліся супрацоўнікі міліцыі, у той момант калі яго сваячка выходзіла з кватэры.
“Я адкрыў вочы і ўбачыў, што каля мяне стаяць людзі ў масках. Яны не прадстаўляліся, не паказвалі дакументаў, а толькі сказалі, што зараз прыйдзе міліцыянер па форме”, - кажа Ілля Міраненка.
Праз нейкі час у кватэры было ўжо двое супрацоўнікаў у масках, адзін па форме і адзін у цывільнай вопратцы. Яны паказалі хлопцу паперу ў якой значылася, што агляд будзе ажыцяўляцца ў звязку з мірнай акцыяй пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце – перакрыцці трасы М1.
Ілля Міраненка мае рэгістрацыю ў Брэсце, але стала пражывае ў Мінску. Хлопец мяркуе, што агляд у яго быў праведзены менавіта з-за гэтага.
Па выніках у яго былі канфіскаваныя два камп’ютары, чатыры мабільныя тэлефоны, флэшка і фатаапарат Polaroid, які ўвогуле не можа з’яўляцца носьбітам інфармацыі па сваіх тэхнічных характарыстыках. Акрамя гэтага забралі і стары бланк аб грашовым пераводзе ў Расію.
Копіі аб канфіскацыі Іллі Міраненка не далі, аднак паведамілі, што ўсе рэчы будуць перададзеныя ў Брэст, а праверка зойме ад дзесяці дзён да месяца.
Вядома, што супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з аглядам па месцы прапісцы да дзяўчыны Т. у горадзе Баранавічы з падазрэннем на яе ўдзел у той жа акцыі па перакрыцці трасы М1 пад Брэстам. Спрабавалі адабраць камп’ютарную тэхніку, аднак маці дзяўчыны ўказала, што яе дачка па месцы рэгістрацыі даўна не пражывае. Пасля гэтага міліцыянеры папрасілі яе распісацца ў паперы з інфармацыяй пра тое, што 6 траўня дзяўчыны Т. не было ў Баранавічах. З гэтым і сышлі.
Таксама з аглядам прыйшлі і да анархіста Рамана. У пастанове прычынай працэсуальных дзеянняў было ўказана адміністратыўнае правапарушэнне ў выглядзе пікетавання на трасе М1 пад Брэстам. У міліцыянераў нібыта былі падставы меркаваць, што Раман датычны да гэтага правапарушэнне. Агляд праводзілі участковы РУУС Заводскага раёна г. Мінска Алег Ганестаў і яшчэ чатыры чалавекі ў цывільным, якія не прадстаўляліся і не паказвалі сваі пасведчанні. У Рамана канфіскавалі ноутбук, тэлефоны і вопратку. Знялі з хлопца красоўкі.
“Паводзілі сябе дастаткова карэктна, не хамілі, не білі, кайданкі не адзявалі. Запыталіся, ці быў я ў Брэсце ў дзень акцыі”, - адзначыў Раман.
Нагадаем, акцыя прайшла 5 траўня. На сваім сайце, доступ да якога ў Беларусі зачынены, анархісты паказалі, што правялі ў Брэсце дзве акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода: нанеслі на плот будаўнічай пляцоўкі прадпрыемствы надпіс «Не заводу АКБ», а таксама перакрылі тры паласы трасы М1.
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". Пытаннем будаўніцтва занепакоеныя жыхары Брэста, некалькіх бліжэйшых вёсак і садовых таварыстваў. Галоўнае, што хвалюе людзей, - гэта ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Аднак праведзеная да пачатку будаўніцтва экспертыза паказала, што «негатыўнае ўздзеянне праектаванага аб'екта на атмасфернае паветра, паверхневыя і падземныя воды, нетры, глебы, жывёльны і раслінны свет, а таксама на чалавека нязначна», а «увод праектаваных аб'ектаў у эксплуатацыю не прывядзе да парушэння прыродна-антрапагеннай раўнавагі». Праціўнікі будаўніцтва ставяць пад сумнеў гэтыя звесткі.
Крыніца: Вобшукі ў актывістаў у звязку з акцыяй на трасе М1 супраць будаўніцтва акумулятарнага завода