У Следчым камітэце ўдакладнілі акалічнасці абвінавачання ў дачыненні да старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка.
“Для мяне відавочна адно – у “справе прафсаюзаў” няма прававых момантаў, таму што яна з самага пачатку была палітычнай”, – распавёў сайту palitviazni.info прававы інспектар прафсаюза РЭП у Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.
Па інфармацыі Следчага камітэта, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.
Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.
Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
– Для мяне відавочна адно – у “справе прафсаюзаў” няма прававых момантаў, таму што яна з самага пачатку была палітычнай, – кажа прававы інспектар прафсаюза РЭП у Гомельскай вобласці Леанід Судаленка. – І, паколькі справа была распачата ў дачыненні да лідараў прафсаюза па палітычных матывах, то палітыкі яе і будуць вырашаць. Нават калі Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка жорстка пакараюць, то да прэзідэнцкіх выбараў яны ўжо не будуць знаходзіцца за кратамі. Калі Фядыніча і Комліка кінуць за краты, то іх адназначна прызнаюць палітвязнямі, і гэта пастаянна будзе ўзгадвацца на ўсіх перамовах прадстаўнікоў беларускаў улады з еўрачыноўнікамі. Калі б быў такі пераслед прафсаюзных актывістаў у якой-небудзь еўрапейскай краіне, то ў абарону б ўзняліся ўсе міжнародныя прафсаюзы. Хаця, натуральна, і ў нашым ваыпадку будзе рэакцыя міжнародных структур.
– Аднак беларускія ўлады спасылаюцца на парушэнне закона, а не на палітычны пераслед…
– У якасці доказаў яны прадстаўляюць факты нясплаты падаткаў у 2011 годзе. Калі следчыя мелі такую фактуру, дзе яны былі сем гадоў таму? Чаму толькі зараз, калі прафсаюз РЭП эфектыўна папрацаваў у мінулым годзе супраць дэкрэта аб “дармаедах”, да арганізацыі з’явіліся пытанні? Улады проста далі прафсаюзу РЭП дубінай па галаве. Але, паўтаруся, што тыя матэрыялы, якія ёсць у следства, былі і ў 2011 годзе. Дык чаму сем год ім не давалі ходу?
– Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці…
– Я не выключаю жорсткае пакаранне. Відаць, беларуская ўлада не можа жыць без палітвязняў.
Крыніца: Леанід Судаленка: Відаць, беларуская ўлада не можа жыць без палітвязняў