Па інфармацыі Радыё Рацыя, Вярхоўны суд 24 траўня разгледзіць скаргу аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) на чарговую адмову Міністэрства юстыцыі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.
Скарга была пададзена 27 красавіка. 14 траўня, паведаміла БелаПАН сустаршыня БХД Вольга Кавалькова, прайшоў папярэдні разгляд справы, падчас якога суд заслухаў довады бакоў.
Міністэрства юстыцыі ўжо сёмы раз адмовіла ў рэгістрацыі БХД. Сярод падстаў для адмовы былі пазначаны „адсутнасць хатніх або рабочых нумароў некалькіх заснавальнікаў”, а таксама „памылкі ў датах нараджэння двух заснавальнікаў”.
„Але гэта ўсё тэхнічныя памылкі, якія маглі б быць выпраўленыя. Яны не павінны быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі палітычнай партыі”, — раней заявіла БелаПАН Кавалькова.
Таксама ў Мінюста паўсталі пытанні наконт памяшкання, якое было пазначана ў якасці юрыдычнага адраса.
„Усе патрэбныя дакументы наконт адраса былі пададзены ў міністэрства, таму ніякіх пытанняў не павінна было ўзнікнуць”, — упэўненая сустаршыня БХД.
Апошні ўстаноўчы з’езд БХД адбыўся 23 снежня 2017 года. На ім была павялічана да чатырох чалавек колькасць сустаршыняў арганізацыі. Раней аргкамітэт партыі ўзначальвалі тры сустаршыні — Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец. З’езд вырашыў пашырыць колькасць сустаршыняў яшчэ на аднаго чалавека — ім стала Вольга Кавалькова.
Папярэднія ўстаноўчыя з’езды праводзіліся: у 2009 годзе, двойчы — у 2010-м, адзін раз — у 2011-м і двойчы — у 2015-м.
У сакавіку 2011 года ў інтэрв’ю амерыканскай газеце The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, „верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная”. „Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысціянскія дэмакраты, яны бандыты”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
БХД плануе правесці яшчэ адзін, восьмы па ліку, устаноўчы з’езд, каб зарэгістраваць партыю.
Крыніца: БХД абскардзіць у Вярхоўным судзе сёмую адмову ў рэгістрацыі