Вядомы незалежны журналіст, былы палітвязень Павал Мажэйка атрымаў копію міліцэйскага пратаколу, які на яго склалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС горада Гародні.
У дакумеце паведамляецца, што пратакол складзены паводле ч. 4. арт. 35 і ч. 15 арт. 1 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”. Міліцэйскі пратакол сведчыць, што “Мажэйка П.І. 25 сакавіка 2018 г., знаходзячыся ў Каложскім парку г. Гродна, падчас правядзення масавага мерапрыемства, прысвечанага 100-годдзю БНР, не маючы акрэдытацыі журналіста замежнага сродку масавай інфармацыі, браў інтэрвію ў прамым этэры на сайце польскага тэлеканалу “Белсат”, прысутнага на мерапрыемстве Саранчукова В.В. і змясціў на сайце польскага спадарожнікавага тэлебачання Белсат з мэтай далейшага распаўсюджання, чым парушыў патрабаванні нормаў арт. 22.9 КаП РБ”.
Па інфармацыі "Гарадзенскай Вясны", разгляд пачатай адміністрацыйнай справы пачнецца 14 траўня а 14-й гадзіне ў судзе Ленінскага раёна г. Гродна.