Мы з'ездзілі ў вёску каля Смалявіч, каб шчыра паразмаўляць з вядомай праваабаронцай Таццянай Процькай пра тое, як яна прыйшла да абароны правоў чалавека, як заснавалася вядомая грамадская арганізацыя БХК, з якімі складанасцямі сутыкаліся праваабаронцы на пачатку 2000-х, і вырашэннем якіх праблем займалася грамадзянская супольнасць у часы станаўлення незалежнай Беларусі.
Віктар Камянкоў: “Вас не пасадзяць”
— Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе супраць нас было спынена. Але, негледзячы на гэтае, у снежні 2004 года Прэзідыум Вышэйшага гаспадарчага суда прыняў пастанову, згодна з якой мы ўсё ж такі павінны былі выплаціць падаткі і штраф у суме эквівалентнай 75 000 долараў за грант, афіцыйна атрыманы ад Еўрасаюзу ў рамках праграмы ТАСІС. Па міждзяржаўнай дамове мы нічога за яго не павінны былі плаціць. У БХК была канфіскавана офісная тэхніка, наш рахунак арыштавалі. І я апынулася наўпрост у падвешаным стане. Бо не сёння, дык заўтра маглі зноў узбудзіць крымінальную справу. Я тады доўга абуралася ў судзе, а старшыне Вышэйшага гаспадарчага суда Віктару Камянкову публічна сказала, што гэтая ўся сітуацыя нагадвае 37-ы год, на што ён адказаў аднаскладова: “Вас не пасадзяць”. І насамрэч, гэтая справа заціхла, крымінальную справу не ўзбудзілі. Але час ад часу ўсё роўна яна дае аб сабе ведаць. Так, напрыклад, нядаўна прыйшло пісьмо з пададткавай г. Смалявіч, у якім мяне зноў запрашаюць на размову наконт “пазык” БХК.
“А прыцягвайце да адказнасці! Гэта будзе лепшы вынік па нашаму дакладу па маніторынгу суду”
БХК з’яўляецца распачынальнікам шматлікіх праваабарончых кампаній, якія актыўна праводзяцца і па гэты дзень. Так, напрыклад, кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ладзіцца цяпер кожныя выбары сумесна з ПЦ “Вясна”. Але папрасіўшы Таццяну Сяргееўну ўспомніць перамогі ў сваёй праваабарончай дзейнасці, то чамусьці ёй ўзгадваецца ў першую чаргу тое, што не зроблена.
— Мы, напрыклад, ажыццяўлялі маніторынг умоў затрымання асуджаных калоній і турмаў. Наведвалі камеры, дзе змяшчаюцца людзі, асуджаныя да смяротнага пакарання, да пажыццёвага зняволення ў Жодзінскай турме, вывучалі іх справы. Такі маніторынг быў натуральным, бо так былі заяўлены мэты дзейнасці арганізацыі. БХК ладзіў сумесныя семінары з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі калоніі. Актыўна выкарыстоўвалі абмен вопытам, напрыклад з сістэмай выканання пакаранняў у Даніі.
Самае карыснае, што мы рабілі — гэта маніторынг суду. Асаблівасцю нашага маніторынгу было тое, што мы, акрамя ўсяго, працавалі непасрэдна з суддзямі. У нас былі паказальныя суды, і, можна сказаць, суддзі высокага класа.
БХК праводзіў цікавыя інтэрактыўныя семінары — публічныя суды, куды прыходзілі суддзі, пракуроры, адвакаты, юрысты.
Напрыклад, праводзілі такі семінар па першай справе па графіцістам Аляксею Шыдлоўскаму і Вадзіму Лабковічу. Ім прысудзілі тэрміны, звязаныя са зняволеннем. На семінар запрасілі замежных юрыстаў: дацкіх, нарвежскіх і іншых. Тады замежнікі, мякка кажучы, здзвівіліся такому прысуду. Яны ўвогуле не бачылі складу злачынства ў гэтай справе, максімум - адміністрацыйка...
А аднойчы мы адправілі нашу справаздачу Вярхоўнаму суду. Выклікалі мяне тады і сказалі, што прыцягнуць да адказнасці за абразу суда. А я ім: “Прыцягвайце! Гэта будзе лепшы вынік па нашым дакладзе па маніторынгу суду. Давайце будзем спрачацца ў судзе, як мы пакрыўдзілі суддзю за тое, што яна вынесла такі прысуд”. Канешне, на гэтых словах усё і скончылася.
- Міжнародная канференцыя ААН у Ялце, прысвечаная 50-годдзю Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Верасень, 1998 г. З прыватнага архіву Таццяны Процькі
“У нас жа папяровая бюракратычная дзяржава. Улада не ведае, што рабіць, калі ёсць папера”
— Вельмі важным было наладзіць сістэму назірання падчас выбараў. Мы тады адныя з першых распачалі практыку грамадскіх назіранняў за выбарамі ў Беларусі. Людзі вельмі адказна аднесліся да гэтага. Напачатку ўлада таксама адказна ўспрыняла гэтую ініцыятыву. Цяпер ужо дзяржава перахапіла ідэю і сама выстаўляе назіральнікаў, напрыклад, з кантралюемых аб’яднанняў ветэранаў, Чырвонага Крыжа, БРСМ. Выбары, дзякуючы інстытуту незалежнага грамадскага назірання, сталі ўжо не такімі кулуарнымі.
Першае пасведчанне назіральніка мы зрабілі ў 1995 годзе. Мы тады спецыяльна ставілі на іх вялікую пячатку. У нас жа папяровая бюракратычная дзяржава. А я вывучала бюракратызм у савецкай дзяржаве, і таму добра ведала ролю паперы: ёсць папера — ёсць праблема, няма паперы - няма праблемы.
“…каб людзі памяталі, калі сёння іх праблемы не вырашыліся, то яны могуць вырашыцца заўтра”
— Сябры БХК займаліся рэабілітацыяй беларускай пісьменніцы Ларысы Геніюш. Юрыдычнай часткай займаўся вядомы юрыст Гары Паганяйла. З КДБ нам прадставілі яе асабістую справу.
Мы даказалі, што ў крымінальным кодэксе няма нават такіх артыкулаў, па якіх яе пакаралі. Яна не магла быць злачынцай. У той час нават супрацоўнікі КДБ нам дапамагалі і казалі, што мы павінны перамагчы. На такіх падставах яны рэабілітавалі іншых людзей, і тут былі ўсе падставы для гэтага.
Сваё заключэнне мы адправілі ў КДБ, пракуратуру і да Лукашэнкі. Калі яна дайшла да прэзідэнта, то ўсё спынілася. У КДБ нам паказалі, што ён распісаўся на нашай справе, але пры гэтым не ўзгадніў, і не забараніў. Так яно і засталося ў падвешанным стане. Цяпер ведаю, як трэба было паступіць: арганізаваць грамадскую піар-кампанію, далучыць журналістаў. Зрабілі б грамадскі ціск, справа б хіснулася - і ўсё атрымалася б. Гэта вельмі важнае пытанне для нацыянальнага развіцця. Трэба, каб людзі памяталі, што калі сёння іх праблемы не вырашыліся, то яны могуць вырашыцца заўтра.
- Матэрыялы справы па рэабілітацыі беларускай пісьменнніцы Л.Геніюш. З прыватнага архіву Таццяны Процькі
“БХК выдаў першы дапаможнік па правах чалавека для школьнікаў”
Раней не было такіх інфармацыйных рэсурсаў, якімі мы карыстаемся штодзённа для перадачы інфармацыі грамадству: сайты, сацсеткі. Таму БХК выкарыстоўваў усе магчымыя папяровыя сродкі для прасоўвання каштоўнасцяў правоў чалавека.
— З ініцыятывы сяброў БХК у школьную праграму Беларусі быў уведзены спецкурс па правах чалавека. Для такіх заняткаў мы выдалі ў 2001 г. першы дапаможнік па правах чалавека для школьнікаў, які быў нават рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі. Ён быў раздадзены ў беларускія школьныя бібліятэкі. Вельмі было складана атрымаць грыф “Рэкамендавана Міністэрствам адукацыі”. Дзякуючы майму сааўтару С. Бубену, мы выдалі гэтую кнігу, бо ён ведаў усе хады-выхады ў Міністэрстве адукацыі.
У красавіку 1996 года БХК пачаў выдаваць праваабарончую газету, якая мела назву “Круг”. Потым выдавалі часопіс “Чалавек”. У гэтыя выданні пісалі і сябры БХК, і іншыя юрысты, напрыклад, суддзі. У адным з першых нумароў мы надрукавалі тэкст Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека.
“Прыйдзе час — і ўсе гэтыя праблемы, на якіх мы засяроджвалі ўвагу перад дзяржавай, будуць прааналізаваны”
— Пакуль я ўзначальвала БХК я актыўна адстойвала ідэю, што без кантакту з дзяржавай праваабаронцы эфектыўна працаваць не могуць. Яны могуць абараняць інтарэсы людзей толькі з дапамогай дзяржавы, бо яна, як парушае правы, так і ўзнаўляе іх. БХК гэтым займаўся: мы пісалі звароты ды скаргі ў дзяржаўныя органы. Я як гісторык ведала, што калі ты напісаў зварот, то ён застанецца ў дакументах, бо бюракратыя менавіта так і працуе. Прыйдзе час — і ўсе гэтыя праблемы, на якіх мы засяроджвалі ўвагу перад дзяржавай, будуць прааналізаваны.
“Пасля 95-96 году ў Беларусі трэба было аб’ядноўваць свае дэмакратычныя рухі, каб усімі сіламі паўплываць на ўладу”
— Беларускае грамадства было раздроблена на розныя рухі. Гэта нармальна для дэмакратычнага грамадства, але пасля 95-96 году ў Беларусі трэба было аб’ядноўваць дэмакратычныя рухі, каб усімі сіламі паўплываць на ўладу.
Менавіта для гэтых мэтаў мы распрацавалі Праваабарончую канвенцыю, якая павінна была аб’яднаць грамадскія арганізацыі, рухі і палітычныя партыі Беларусі. Асаблівасцю было тое, што да Канвенцыі мы далучылі прафсаюзы. Паводле Канвенцыі ствараўся адзін каардынуючы орган - Савет Праваабарончай Канвенцыі. Гэта была структура, якая ўяўляла сабой механізм для аператыўнага вырашэння асобных грамадскіх пытанняў. Для яе не патрэбна было фінансаванне. Тады была важна менавіта каардынацыя дзейнасці.
Але давесці да канца яе так і не атрымалася, бо паралельна запусцілі Хартыю. Сустрэліся дзве ініцыятывы, і ні тая, ні тая не пайшла. Калі Карлас Шэрман прынес мне на подпіс Хартыю, то ўжо падпісаліся Быкаў, Барадулін, Шэрман. І я, вядома, паважаючы іх аўтарытэт, таксама яе падпісала...
Завяршэнне чытайце ў трэцяй частцы артыкула.
Пачатак: Праз фізіку і філасофію — да абароны правоў чалавека (частка 1)
Крыніца: Праз фізіку і філасофію — да абароны правоў чалавека (частка 2) Фота