Адміністрацыйныя справы затрыманых на першамайскіх дэманстрацыях актывістаў разглядае 2 мая суд Цэнтральнага раёна Мінска.
Стала вядома, што на афіцыйным мітынгу 1 мая ў парку Перамогі былі затрыманыя актывісты “Народнай грамады" Сяргей Спарыш, Валянцін Троцкі, Рыгор Пагарцаў, Андрэй Шыпулін, а таксама адзін з выпадковых удзельнікаў дэманстрацыі Сяргей Тарасенка.
Іх адвезлі у РУУС Цэнтральнага раёна, дзе пратрымалі 3 гадзіны. Пазней Спарыша, Троцкага і Шыпуліна адправілі да суду ў ІЧУ на Акрэсціна. Астатніх адпусцілі.
У той жа час на дазволеным мітынгу незалежных прафсаюзаў у Кіеўскім скверы былі затрыманыя трое актывістаў анархісцкага руху на чале з Вячаславам Касінеравым. Яны разгарнулі транспарант «Свабода, роўнасць, раўнапраўе, самакіраванне», за што былі папярэджаныя начальнікам мінскага АМАПу Дзмітрыем Балабой, а затым і арганізатарамі мітынгу.
Пад час сыходу з мітынгу іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска. Пазней стала вядома, што Вячаслава Касінерава разам з яшчэ адным удзельнікам пікету адпусцілі з РУУСа. Трэці маладзён, які хаваў свой твар пад маскай, быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання. Верагодна, сёння адбудзецца суд над ім. Прозвішча затрыманага невядомае.
Разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых прызначаны на другую палову дня.
Праваабаронцам стала вядома, што каля будынку Цэнтральнага суда Мінска затрыманы Вячаслаў Касінераў. Затрымлівалі 2 амапаўца і чалавек у цывільным, сказалі, што вязуць Каінерава у Цэнтральны РАУС.
Тым часам, адміністрацыйную справу аднаго з удзельнікаў пікету ў Кіеўскім скверы Аляксея Зуева будзе разглядаць суддзя суду Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня. Пастанова - штраф у памеры 10 базавых велічынь.
У дачыненні да актывіста “Народнай грамады" Сяргея Спарыша вынесеная пастанова аб пакаранні штрафам у памеры 15 базавых велічынь.
Радыё Свабода паведамляе, што сябру БСДП «Народная Грамада» Андрэю Шыпуліну прысудзілі штраф 20 базавых велічыняў — 490 рублёў. А Валянціна Троцкага пакаралі штрафам у 10 базавых велічыняў (245 рублёў). Пратакол на Вячаслава Касінерава адправілі на дапрацоўку. Яго затрымалі каля суду ў сераду а 13:10, адвезьлі ў Цэнтральнае РУУС, дзе патлумачылі, што ён нібыта арганізаваў адзіночны пікет. З суду Касінерава павязуць у Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Хутчэй за ўсё, будуць судзіць у чацьвер.
Крыніца: Суды за акцыі на Першамай і новыя затрыманні Дапоўнена