Як паведамляе праваабарончы сайт mspring.online, усе скаргі магілёўцаў, накіраваныя ў Камітэт па правах чалавека ААН, паспяхова зарэгістраваныя.
Стала вядома, што жыхары Магілёва Дзяніс і Павел Крайцевы, а таксама Алена Кісель атрымалі пацверджанне, што іх скаргі на дзеянні беларускіх уладаў зарэгістраваны ў КПЧ ААН.
Увесну 2017 году кожны з іх быў аштрафаваны на 15 базавых велічыняў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту. У дачыненні да братоў Крайцевых міліцыя пачала адміністрацыйны працэс за ўдзел у Дні Волі-2017 у Мінску.
Алену Кісель суд пакараў за «Марш недармаедаў» у Магілёве 15 сакавіка. Акрамя гэтага, дзяўчыну адлічылі з МДУ ім. Куляшова.
З улікам гэтых трох скаргаў у КПЧ ААН знаходзяцца ўжо шэсць зваротаў – усе яны былі накіраваныя туды ў снежні 2017 года. Раней былі зарэгістраваныя дакументы Алены Крэнь, Канстанціна Чарнова і Аляксандра Каранкевіча. Усе скаргі – наступствы «гарачай вясны-2017», калі сотні беларускіх грамадзян былі арыштаваныя ці аштрафаваныя ўладамі за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі.
Праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў складаць звароты, лічыць, што рэгістрацыя ўсіх скаргаў – гэта вельмі добры вынік:
"З міжнароднай практыкі мы ведаем, што вялікая частка скаргаў адсейваецца таму, што яны прызнаюцца Камітэтам непрымальнымі. Шэсць нашых скаргаў з шасці прайшлі – значыць з вялікай доляй верагоднасці можна казаць пра тое, што КПЧ ААН вынесе шэсць рашэнняў на карысць беларускіх грамадзян, а не дзяржавы. Па гэтай катэгорыі спраў пазіцыя ААН адназначная – самавольных абмежаванняў для свабоды мірных сходаў быць не павінна".
Крыніца: Усе скаргі магілёўцаў паспяхова зарэгістраваныя ў Камітэце па правах чалавека ААН