Мясцовы праваабарончы сайт vitebskspring.org паведамляе, што полацкі прафсаюзны актывіст Віктар Стукаў атрымаў позву ў суд 4 траўня ў 15:00 за парушэнне заканадаўства аб валютных апэрацыях.
У Полацку міліцыя абвінаваціла яго ў парушэнні ўказу прэзыдэнта аб валютных апэрацыях: ён нібыта атрымаў ад нейкага грамадзяніна расейскія рублі за юрыдычную кансультацыю па працоўных пытаннях. Сябры прафсаюзу ўспрымаюць здарэнне як правакацыю супраць арганізацыі рабочых.
Як распавялі ў юрыдычнай службе Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ), з рапарту опэрупаўнаважанага Полацкага аддзелу РАУС па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Аляксандра Быкава, з якім азнаёмілі Віктара Стукава, вынікае, што нехта Зуеў з Расонаў быў пракансультаваны ў офісе прафсаюзу наконт працоўных пытанняў 14 красавіка. Зуеў сцвярджае, што з яго ўзялі за кансультацыю 200 расейскіх рублёў, што парушае ўказ прэзыдэнта.
Віктар Стукаў заявіў у міліцыі, што ніякіх грошай ад грамадзяніна Зуева за юрыдычную кансультацыю не прымаў. Усе кансультацыі ў офісе прафсаюзу праходзяць на бясплатнай аснове. Статутам СПБ прадугледжана, што фінансы прафсаюзу фармуюцца з прафсаюзных унёскаў і ахвяраванняў.
Беларускім заканадаўствам прадугледжана, што ў справах, звязаных з прафсаюзамі, міліцыя абавязаная ўжываць правіла міжнароднай дамовы – Канвэнцыі № 87 Міжнароднай арганізацыі працы. У гэтым дакумэнце гаворыцца, што дзяржаўныя органы ўстрымліваюцца ад якога-небудзь умяшання ў дзейнасць прафсаюзу, якое перашкаджае яго статутнай дзейнасці.
Першае судовае паседжанне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да прафсаюзнага актывіста адбылося 25 красавіка, і судзя Ўладзімер Бясецкі адправіў пратакол назад у міліцыю на дапрацоўку.
Робячы «дапрацоўку», супрацоўнікі міліцыі зладзілі сапраўднае паляванне на прафсаюзнага актывіста з пастаяннымі тэлефанаваннямі, з вонкавым назіраннем. І толькі 1 траўня, калі Віктар з групай сябраў прафсаюзу рушыў у Мінск на прафсаюзны мітынг, машына, у якой ён знаходзіўся, была спыненая, і опэрупаўнаважаны Быкаў уручыў яму позву ў міліцыю на 2 траўня.
Цягам апошніх паўгода ў дачыненні да прафсаюзнага актывіста Віктара Стукава міліцыя двойчы праводзіла праверкі паводле крымінальнага абвінавачвання ў паклёпе на намесніка дырэктара заводу «Шкловалакно». Кожнага разу справа пра паклёп і абразу ў інтэрнэце закрывалася міліцыяй за адсутнасцю складу злачынства.
Нагадаем, што ў Полацку ўсё яшчэ ідуць спробы ліквідаваць першасную арганізацыю Свабоднага прафсаюзу на ААТ “Полацак-Шкловалакно”.