Мінск, 02.05.2018 г. 2 траўня 2018 года стала вядома, што валанцёрка супольнай службы назірання за масавымі мерапрыемствамі ПЦ “Вясна” і РПГА “БХК” Таццяна Мастыкіна, якая 25 сакавіка гэтага году разам з іншымі шасцю назіральнікамі была затрыманая падчас ажыццяўлення назірання за несанкцыянаваным шэсцем на пл. Якуба Коласа ў Мінску, была выкліканая ў суд Першамайскага раёна г. Мінска. У позве пазначана, што 8 траўня ў 15.30 павінна адбыцца судовае разбіральніцтва па адміністратыўнай справе ў дачыненні да Таццяны.

Варта нагадаць, што 25 сакавіка ў дачыненні да пяцярых затрыманых назіральнікаў былі складзеныя пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні па ч.1 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). У дачыненні да Таццяны Мастыкінай быў складзены яшчэ і пратакол па арт. 23.4 КаАП (недпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі) у сувязі з тым, што яна на законных падставах адмаўлялася ад правядзення ў дачыненні да яе працэдуры дактыласкапіі.

Трэба адзначыць, што ўсе назіральнікі былі візуальна абазначаныя: былі апранутыя ў камізэлькі сіняга коляру з надпісам “#ControlBY” на спіне і мелі бэйджы з фотаздымкам, указаннем імя, прозвішча, назвы арганізацыі, якая накіравала іх для ажыцяўлення назірання за публічным сходам грамадзянаў, і не прымалі ўдзел у масавым мерапрыемстве. Больш за тое, Беларускі Хельсінкскі Камітэт загаддзя паведаміў ГУУС Мінгарвыканкама аб тым, што будзе ажыццяўляць назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску 25 сакавіка і прасіў садзейнічаць назіральнікам у рэалізацыі імі сваіх абавязкаў.

Пры гэтым назіранне за масавымі мерапрыемствамі ажыцяўляецца выключна з мэтай збора і аналіза інфармацыі аб магчымасцях рэалізацыі гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі нормамі права ў галіне свабоды мірных сходаў грамадзянамі краіны на практыцы.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах" назіральнікі не з'яўляюцца ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў. Законам прадугледжана, што неад'емнай умовай удзелу ў масавых мерапрыемствах з'яўляецца наяўнасць мэты - публічнае абмеркаванне і выказванне свайго стаўлення да дзеянняў (бяздзейнасці) асобаў i арганiзацый, падзей грамадска-палітычнага жыцця, а таксама для вырашэння пытанняў, якія закранаюць іх інтарэсы (пры правядзенні сходу) альбо у мэтах прыцягнення ўвагі да якіх-небудзь праблемаў або публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў або пратэсту (пры правядзенні вулічнага шэсця) і г.д. (артыкул 2 Закона). На масавым мерапрыемстве могуць прысутнічаць і іншыя асобы з іншай мэтай: супрацоўнікі органаў унутраных спраў – для аховы грамадскага парадку; работнікі хуткай медыцынскай дапамогі - для аказання медыцынскай дапамогі; прадстаўнікі СМІ - для выканання сваіх прафесійных функцый па асвятленні масавага мерапрыемства і інш. Іншая мэта адрознівае такіх асобаў ад удзельнікаў масавых мерапрыемстваў. Прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, якія прысутнічаюць на масавым мерапрыемстве для назірання, таксама выконваюць грамадскую функцыю - фіксацыю ходу правядзення масавага мерапрыемства, забеспячэння правоў яго ўдзельнікаў і іншыя.

Яшчэ раз нагадваем уладам Беларусі, што праваабарончая дзейнасць з’яўляецца легітымным відам грамадскай дзейнасці і павінна гарантавацца дзяржавай.

Асаблівую занепакоенасць выклікае факт незаконнага прымянення фізычнай сілы супрацоўнікамі Савецкага РУУС г. Мінска ў дачыненні да назіральніцы Таццяны Мастыкінай у сувязі з законнай адмовай ад праходжання працэдуры дактэласкапіі ў дачыненні да яе.

У сувязі з гэтым мы заклікаем улады Беларусі:

  1. Спыніць ціск на прадстаўнікоў праваабрончых арганізацый у сувязі з ажыцяўленнем імі праваабарончай дзейнасці.
  2. Спыніць распачаты адміністрацыйны працэс у дачыненні да Таццяны Мастыкінай і іншых назіральнікаў, затрыманых 25 сакавіка.
  3. Правесці належную праверку законнасці прымянення фізычнай сілы ў дачыненні да Таццяны Мастыкінай і прыцягнуць вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

Крыніца: Патрабуем неадкладна спыніць ціск на праваабаронцаў у сувязі з выкананнем імі легітымнай праваабарончай дзейнасці