Сяргей Пятрухін у судзе. Фота: Уладзімір Вялічкін. Суддзя Брэсцкага абласнога суда Герасімук 3 мая разгледзела скаргу блогера Сяргея Пятрухіна на ягонае адвольнае затрыманне 23 сакавіка напярэдадні масавага мерапрыемства, якое планавалася правесці ў Берасці.

Нагадаем, Пятрухіна прэвентыўна затрымалі і даставілі ў ІЧУ Ленінскага раёна Берасця. 26 мая суд Ленінскага раёна прызнаў яго вінаватым у парушэнні арт. 23.4 КаАП РБ і пакаралі штрафам у памеры 45 базавых велічынь.

Сёння ў судзе Сяргей Пятрухін заявіў хадайніцтва аб недаверы суду. Адвод не задаволілі. Тады ён заявіў новае хадайніцтва аб выкліку ў якасці сведкаў 4 супрацоўнікаў міліцыі, але і яно было адхіленае.

Блогер лічыць, што яго затрымалі адвольна, каб не дапусціць ўдзелу у акцыі супраць будоўлі акумулятарнага завода.

“На жаль, практыка адвольных, або "прэвентыўных" затрыманняў мае шматгадовую практыку на Берасцейшчыне супраць грамадскіх актывістаў напярэдадні акцый апазыцыі. Спачатку затрымаюць, потым абылгуць і ўрэшце пасадзяць або аштрафуюць..." - кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

У абласным судзе Пятрухін падаў дадатковую скаргу, у якрй прыводзіць дадатковыя доказы таго, што ягонае затрыманне было адвольным, а суд ня быў свабодным і незаангажаваным.

“Гэта быў пераслед уладаў за маю грамазкую пазыцыю. Справа была сфабрыкаваная, каб супрацьдзенічаць крытыцы пазіцыі ўладаў адносна акумулятарнага завода”, - заявіў блогер.

Сяргей Пятрухін просіць адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна г Брэста і скіраваць справу на новы разгляд.

Крыніца: Блогер Пятрухін абскарджвае прэвентыўнае затрыманне напярэдадні акцыі