Мітынг, які адбыўся 29 красавіка ў Берасці, сабраў больш за 2000 чалавек. Вялікая колькасць удзельнікаў тлумачыцца тым, што пытанне ўзнятае чатырма берасцейкамі, тычыцца экалагічнай сітуацыі ў рэгіёне. Масавае мерапрыемства было дазволенае гарадскімі ўладамі.
Па інфармацыі “Берасцейскай Вясны”, апошняй кропляй, што прывяла да абурэння бальшыні берасцейцаў, з’явілася патаемная будова ў ваколіцах 350-тысячнага города так званага акумулятарнага завода. Людзі перакананыя, што небяспечныя выкіды свінца і сернай кіслаты на шмат дзесяцягоддзяў, а мо і назаўжды атруцяць жыццё сучаснікаў і шматлікіх пакаленняў нашчадкаў.
“Яны з’едуць”, - кажуць людзі пра чыноўнікаў і бізнесоўцаў: “а нам тут жыць!..”
Вядучымі на мітынгу былі вядомыя берасцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў.
“Вялікая колькасць прысутных засведцыла зараджэннене грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”, - сказаў Пятрухін. - “Людзі калектыўна пачынаюць бараніць свае правы…”
Перад аўдыторыяй выступалі спецыялісты ў галіне акумулятарнай вытворчасці, лекары, навукоўцы, грамадзкія актывісты, праваабаронцы і прадстаўнікі рэгіёнаў. Чыноўнікі нас не чуюць і ўвесь час хлусяць, казалі прамоўцы. Мы хочам жыць ў чыстым навакольным асяроддзі.
“Але адно права мы ўжо адстаялі – дамагліся правядзення гэтага мітынга”, - сказаў праваабаронца Раман Кісляк.
Крыніца: У Берасці прайшоў найбуйнешы за апошні час у Беларусі мітынг