26 красавіка дэлегацыя праваабаронцаў з Беларусі прадставіла свой альтэрнатыўны даклад экспертам у межах 63 сэсіі Камітэта супраць катаванняў ААН.

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, старшыня РГА “Прававая ініцыятыва” Вікторыя Фёдарава, старшыня Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская і сябра Беларусскага Хельсінкскага камітэта Павел Левінаў распавялі пра тыя неабходныя змены ў краіне, якія б прывялі да паляпшэння сітуацыі з катаваннямі і іншымі відамі жорсткага абыходжання. 

Вікторыя Фёдарава, Павел Сапелка і Павел Левінаў у Жэневе
Вікторыя Фёдарава, Павел Сапелка і Павел Левінаў у Жэневе. Фота са старонкі Раісы Міхайлоўскай у Фэйсбуку

Так, сярод вызначыных пытанняў гучалі:

  • адсутнасць крымінальнай адказнасці за ўсе віды катаванняў у адпаведнасці з Канвенцыяй супраць катаванняў;
  • адсутнасць нацыянальнага прэвентыўнага механізму прадухілення катаванняў: дагэтуль Беларусь не далучылася да Факультатыўнага пратаколу Канвенцыі, не зрабіла заяваў па 21 і 22 артыкулах;
  • палажэнні Канвенцыі разглядаюцца службовымі асобамі толькі як тэарытычныя і ніколі не прымяняюцца судамі;
  • дзяржава ўхіляецца ад прыняцця неадкладных і эфектыўных мераў у мэтах барацьбы з гвалтам у месцах пазбаўлення волі;
  • сцвярджэнні пра пыткі і жорсткае абыходжанне не расследуюцца аператыўна, бесстаронне і эфектыўна, а ахвяра не мае доступу да матэрыялаў расследавання;
  • залежнасць органаў, якія праводзяць расследаванне фактаў катаванняў, і суддзяў ад выканаўчай улады і прэзідэнта;
  • ціск на адвакатуру і залежнасць яе ад Міністэрства юстыцыі;
  • недасяжнасць праваабронцаў да інфармацыі аб умовах утрымання ў месцах несвабоды, а таксама мэтанакіраванае неуключэнні іх у грамадскія назіральныя камісіі;
  • адсутнасць спецыялізаваных міграцыйных цэнтраў, замежныя грамадзяне ўтрымліваюцца доўгі час у ІЧУ, дзе ўмовы можна характаразваць як прыніжаючыя чалавечую годнасць;
  • Беларуссю практыкуецца прымусовая высылка, дэпартацыя і экстрадыцыя ў дзяржавы, у якіх маюцца пагрозы катаванняў і смяротнага пакарання, праваабаронцамі фіксуюцца выпадкі экстрадыцыі без адпаведнай працэдуры;
  • сама Беларусь дагэтуль амаль кожны год прымяняе смяротнае пакаранне, пры гэтым з парушэннем правілаў працэдуры Камітэта па правах чалавека ААН – прысуд прыводзіцца ў выкананне да прыняцця рашэння Камітэтам па асабістым звароце асуджанага ды іншыя.

Таксама Раіса Міхайлоўская прадставіла даклад па гвалтоўных знікненнях палітыкаў, якія да гэтага часа не расследуюцца належным чынам, а Павел Левінаў азнаёміў экспертаў з альбомам малюнкаў замежных вязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.

Пасля гэтага праваабаронцы адказалі на пытанні Камітэту.

Акрамя гэтага адбыўся і круглы стол з прадстаўнікамі краін ЕС і прадстаўнікамі Мексікі. А напярэдадні праваабаронцы сустракаліся паасобку з Эзэк'юэль Петарсан з Бразіліі, Ганнай Дабарджынідзэ з Грузіі, Карці Петэрс з Канады, Кларыс Жэрардзін з Францыі, Джэсікай Карл са Злучаных штатаў Амерыкі і Жэрардам Андонга з Конга, якім у сяброўскай атмасферы распавядалі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, выказалі сваё меркаванне пра мэтазгоднасць мандата спецдакладчыка ААН па краіне, абмяркоўвалі іншыя пытанні, звязаныя з правамі чалавека.

27 красавіка ў 11.00 па мінскім часе афіцыйная дэлегацыя з Беларусі прэзентуе вынікі чатырохгадовай працы па барацьбе з катаваннямі і іншымі жорскімі, бесчалавечымі відамі абыходжання. Прамую трансляцыю з паседжання можна глядзець на сайте ААН

У панядзелак, 30 красавіка, афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі адкажуць на пытанні Камітэта супраць катаванняў ААН па сутнасці.

Крыніца: Праваабаронцы прадставілі альтэрнатыўны даклад у Камітэце супраць катаванняў