З 23 красавіка па 18 траўня пройдзе 63 сесія Камітэта ААН супраць катаванняў у Жэневе (Швейцарыя). На ёй афіцыйная дэлегацыя з Беларусі прадставіць свой перыядычны даклад у межах пятага цыкла. Альтэрнатыўны даклад, падрыхтаваны пры падтрымцы Freedom House і FIDH, прадставяць і беларускія праваабаронцы - юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка, старшыня "Прававой ініцыятывы" Вікторыя Фёдарава, сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта Павел Левінаў і старшыня Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская.
Што такое «катаванне», як працуе Камітэт супраць катаванняў і навошта ўсё гэта трэба Беларусі - у прававым лікбезе ад "Вясны".
Што такое «катаванне»? Паводле вызначэння Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, «катаванне» азначае любое дзеянне, якім нейкай асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная або маральная, каб атрымаць ад яе або ад трэцяй асобы звесткі ці прызнанні, пакараць яе за дзеянне, якое здзейсніла яна ці трэцяя асоба ці ва ўчыненні якога яна падазраецца, а таксама запалохаць ці прымусіць яе ці трэцюю асобу, або па любой прычыне, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль альбо пакута прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай ці іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, або па іх падбухторванні, ці з іх ведама або маўклівай згоды. У гэта вызначэнне не ўключаюцца боль або пакуты, якія ўзнікаюць толькі ў выніку законных санкцый, неаддзельныя ад гэтых санкцый або выклікаюцца імі выпадкова. |
А што такое Камітэт супраць катаванняў? Камітэт супраць катаванняў - адзін з дзесяці дамоўных органаў ААН, асноўная мэта якога сачыць за тым, як дзяржавы-ўдзельніцы выконваюць Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Складаецца з дзесяці чалавек з розных краінаў, якія выступаюць у індывідуальнай якасці. Дзяржавы, якія далучыліся да Канвенцыі або ратыфікавалі яе, абавязаныя кожныя чатыры гады падаваць у Камітэт адпаведную справаздачу аб праведзеных мерапрыемствах, накіраваных на выкананне патрабаванняў Канвенцыі. Больш за тое, у дачыненні да тых дзяржаў-удзельніц, якія ратыфікавалі Канвенцыю ў поўным аб'ёме, а таксама Факультатыўны пратакол да яе, прадугледжваецца кампетэнцыя Камітэта разглядаць індывідуальныя звароты грамадзян, якія сталі ахвярамі катаванняў, а таксама наведваць месцы несвабоды Падкамітэтам па папярэджанні катаванняў у гэтых краінах. |
Чаму гэта важна? Па волі выпадку кожны чалавек можа быць у любы момант спынены супрацоўнікамі міліцыі, дастаўлены ў пастарунак, дзе будзе ўтрымлівацца ў нечалавечых умовах і магчыма нават падвергнуты катаванням без належных на тое падставаў. Пры гэтым Арганізацыя аб'яднаных нацый, прымаючы Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека ААН, вызначыла свабоду ад катаванняў як абсалютную, якая не падлягае ніякім абмежаванням ні пры якіх абставінах. Так, артыкул 5 Дэкларацыі абвяшчае:
Дадзенае палажэнне замацавана таксама ў арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН. А 10 снежня 1984 года была прынята і адкрыта для падпісання, ратыфікацыі і далучэння Канвенцыя супраць катаванняў, мэта якой павысіць эфектыўнасць барацьбы супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ва ўсім свеце. Усё гэта азначае, што ніякія выключныя абставіны, якімі б яны ні былі, нават стан вайны або пагроза вайны, унутраная палітычная нестабільнасць ці любое іншае надзвычайнае становішча, а таксама загад вышэйстаячага начальніка ці дзяржаўнай улады не могуць служыць апраўданнем катаванняў. |
Як праходзіць працэдура дакладаў? Кожная дзяржава-ўдзельніца прадстаўляе Камітэту супраць катаванняў даклады аб прынятых ёй мерах па ажыццяўленні сваіх абавязкаў паводле Канвенцыі супраць катаванняў. Першы даклад павінен быць прадстаўлены на працягу года пасля ўступлення Канвенцыі ў сілу для дзяржавы-ўдзельніцы, а кожны наступны - раз у чатыры гады. Таксама дзяржава-ўдзельніца мае магчымасць прысутнічаць на тых пасяджэннях, дзе разглядаюцца яе даклады. Пасля разгляду дакладу Камітэт супраць катаванняў можа рабіць свае заўвагі: напрыклад, указаць на невыкананне дзяржавай-удзельніцай некаторых абавязацельстваў, узятых ёю у адпаведнасці з Канвенцыяй. Пасля гэтага, дзяржава можа адказаць на заўвагі. Па выніках разгляду перыядычных дакладаў для дзяржаваў Камітэтам выпрацоўваюцца заключныя рэкамендацыі для прыняцця іх да ведама і выканання. |
А Беларусь пры чым? Беларусь яшчэ 13 сакавіка 1987 года ратыфікавала Канвенцыю супраць катаванняў, тым самым прыняўшы на сябе абавязацельствы прадпрымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры для папярэджання актаў катаванняў на любой тэрыторыі пад яе юрысдыкцыяй. Таксама ў артыкуле 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана, што «ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасцi абыходжанню цi пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца медыцынскім або іншым доследам». Вызначэнне «катаванняў» як заўвага да артыкула 128 было ўнесена і ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, але толькі 5 студзеня 2015 года, пасля адпаведнай рэкамендацыі Камітэта супраць катаванняў у цыкле чацвёртага перыядычнага дакладу. |
І ў нас ёсць катаванні? Катаванні, на жаль, да гэтага часу прымяняюцца практычна ва ўсіх краінах. І Беларусь тут не выключэнне. Праваабаронцы штогод фіксуюць у сваіх справаздачах выпадкі катаванняў і нават гвалтоўных смерцяў у месцах несвабоды, а таксама жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне пры затрыманні і утрыманні ў памяшканнях аддзяленняў органаў унутраных спраў, у ІЧУ, СІЗА, а таксама ў закрытых лячэбных установах. Афіцыйнай статыстыкі па колькасці ўжытых катаванняў супрацоўнікамі сілавых структураў, а таксама па іх дбайнаму расследаванні і прыцягненню адказных за іх прымяненне асобаў да крымінальнай адказнасці - вядома ж, няма. |
Якая адказнасць прадугледжана за ўжыванне катаванняў у Беларусі? Да гэтага часу ў Крымінальным кодэксе Беларусі адсутнічае прамая крыміналізацыя ўсяго спектру дзеянняў, якія падпадаюць пад вызначэнне катаванняў ці іншых забароненых відаў абыходжання. Катаванні згадваюцца толькі ў двух артыкулах Крымінальнага кодэкса - за злачынствы супраць бяспекі чалавецтва (арт. 128) і за прымус да дачы паказанняў (арт. 394). Так за катаванні ці акты жорсткасці, якія здзяйсняюцца ў сувязі з расавай, нацыянальнай, этнічнай прыналежнасці, палітычнымі перакананнямі і веравызнаннем грамадзянскага насельніцтва чалавеку пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад сямі да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне. Што тычыцца прымусу падазраванага, абвінавачанага, пацярпелага, сведкі да дачы сведчанняў альбо эксперта да дачы заключэння шляхам прымянення пагрозы, шантажу або ўжывання iншых незаконных дзеянняў асобай, якая вырабляе дазнанне, папярэдняе следства або ажыццяўляе правасуддзе, то такое асоба можа быць пазбаўлена права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або будзе абмежавана альбо пазбаўлена волі на тэрмін да трох гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без такога пазбаўлення. Калі падобныя дзеянні, якія здзяйсняюцца службовай асобай, спалучаюцца з гвалтам або здзекамі, то ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення. А калі яшчэ і з ужываннем катаванняў - тэрмін пакарання павялічваецца ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Аднак, як паказвае практыка, прыцягненне вінаватых асобаў да адказнасці за прымяненне катаванняў - працэс працяглы і часта без аніякіх вынікаў. |
Што Беларусь ужо зрабіла на міжнародным узроўні? Пачынаючы з 1988 года Беларусь падае перыядычныя даклады аб сваіх дзеяннях, накіраваных на прадухіленне і барацьбу з катаваннямі ў краіне. На 63 сесіі ў адказ на пастаўленыя перад дзяржавай пытанні будзе прадстаўлены ўжо пяты такі даклад, які павінен быў быць разгледжана яшчэ ў 2015 годзе. Аднак, з-за затрымак у самым Камітэце супраць катаванняў, заслухоўванне афіцыйнай пазіцыі адбудзецца толькі 27 красавіка ў 11.00 па мінскім часе. А да гэтага праваабаронцы падзеляцца сваімі фактамі і рэкамендацыямі з прадстаўнікамі Камітэта, прадставіўшы свой альтэрнатыўны даклад. На жаль, Беларусь да гэтага часу не зрабіла заяваў па артыкуле 21 і 22 Канвенцыі і не ратыфікавала Факультатыўны пратакол да яе, што ў сваю чаргу не дае магчымасці беларусам звяртацца ў Камітэт у індывідуальным парадку па фактах прымянення катаванняў, а таксама стварыць прэвентыўны механізм па прадухіленні катаванняў на нацыянальным узроўні. |
Хіба гэта нешта дае? Нават калі заключныя заўвагі Камітэта супраць катаванняў з юрыдычнага пункту гледжання не з'яўляюцца абавязковымі да выканання дзяржавай-удзельніцай, яны адлюстроўваюць меркаванне адзінага экспертнага органа ў пытаннях барацьбы з катаваннямі. Ігнараванне або невыкананне дзяржавамі рэкамендацый Камітэта сведчыць аб іх нядобрасумленным выкананні сваіх абавязацельстваў па Канвенцыі, фармуе адпаведны імідж і стаўленне удзельнікаў-падпісантаў і сусветнай супольнасці да краіны ў цэлым. Справаздачы і альтэрнатыўныя даклады праваабаронцаў дазваляюць данесці канкрэтныя кейсы выпадкаў катаванняў, жорсткага абыходжання і тых парушэнняў правоў чалавека, што адбываюцца ў краіне, да Камітэта супраць катаванняў. Гэта ў сваю чаргу дае магчымасць Камітэту выбудоўваць з урадам Беларусі камунікацыю такім чынам, каб спрыяць выпрацоўцы механізмаў па выкараненні катаванняў і абароне людзей ад жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага годнасць абыходжання з боку службовых асоб. |
Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Крыніца: Камітэт супраць катаванняў vs Беларусь: прававы аспект