Былы палітычны зняволены Зміцер Дашкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, ці ёсць шанц у палітвязняў выйсці з-за кратаў раней часу, пра “справу Жамчужнага” і ціск на “палітычных” у Горацкай калоніі.
“Той стан, у якім зараз знаходзяцца палітвязні, з’яўляецца сведчаннем слабасці дэмакратычнай супольнасці”, – адзначае суразмоўца
– Праблема палітвязняў у краіне па-ранейшаму існуе, але пытанне ў тым: як яе вырашаць? – кажа Зміцер Дашкевіч. – На мой погляд, тут ключавая роля ўсё-такі належыць праваабарончым арганізацыям.
Увогуле, той стан, у якім зараз знаходзяцца палітвязні, з’яўляецца сведчаннем слабасці дэмакратычнай супольнасці. З палітычных зняволеных здзекуюцца ў калоніях, але, на жаль, мы не можам абараніць таго ж Міхаіла Жамчужнага, які сёння адбывае пакаранне ў Горацкай калоніі.
– Ад Захада ў гэтай сітуацыі ўжо не варта чакаць дапамогі?
– Асабіста ў мяне ўжо даўно няма ніякіх ілюзій наконт Захаду. Напачатку нулявых гадоў “маладафронтаўцы” хадзілі з лозунгамі “Беларусь – у Еўропу”, і, можа быць, на той час такія заклікі мелі рацыю. Але зараз ужо абсалютна відавочна, што Захад кіруецца выключна сваімі інтарэсамі. І, можа быць, нават камерцыйнымі інтарэсамі. Калі паглядзець на статыстыку, то можна пабачыць, колькі нават падчас санкцый да беларускіх уладаў было патрачана мільёнаў еўра на перавыхаванне суддзяў і на розныя адукацыйныя семінары для сілавікоў.
Ні Захаду, ні Усходу мы ніколі не будзем патрэбны, калі не будзем патрэбны самі сабе. І тое, што дэмакратычная супольнасць не можа абараніць нават тых людзей, якія прызнаны палітвязнямі, як Жамчужны, не можам дамагчыся іх абароны і вызвалення, то гэта наша агульная ганьба. І мы ў гэтай ганьбе жывем ды чакаем, што нехта нам дапаможа..
– Многія вядомыя лідары апазіцыі, якія былі прызнаны палітвязнямі, выходзілі з-за кратаў раней часу менавіта з-за таго грамадскага рэзанансу, які быў пасля зняволення палітыкаў. Сёння такога ўжо не варта чакаць ў дачыненні да таго ж Міхаіла Жамчужнага альбо Зміцера Паліенкі?
– Іх датэрміновае вызваленне таксама было б магчыма, калі б грамадскасць стала дружным шэрагам у абарону гэтых людзей. Але ўлада бачыць, што такога не адбываецца, і тэма не мае вялікага рэзанансу. Калі і з’яўляецца нейкая заява праваабарончых арганізацый, то яна, як кажуць, што мёртваму прыпарка.
Хаця я не выключае датэрміновага вызвалення палітвязняў, каб на тле вялікіх мінусаў паказаць хаця б нейкія станоўчыя моманту для Захаду.
– Вам у свой час таксама давялося пабываць у Горацкай калоніі, дзе зараз прэсуюць Міхаіла Жамчужнага, які практычна не выходзіць з ШІЗА. На ваш погляд, гэта ініцыятыва адміністрацыі калоніі альбо ціск на палітвязня – загад вярхоўнага начальства?
– На прыкладзе Горацкай калоніі калоніі вельмі добра бачна, як працуе сістэма па ўсёй Беларусі. Трэба разумець, што калі, напрыклад, нейкі міліцыянт фальсіфікуе справу на кандыдата ў прэзідэнты, то гэты “опер” ужо дзесяткі спраў фальсіфікаваў на п’яніц, нейкіх паўкрымінальных элементаў і проста няшчасных людзей. Гэта не канкрэтны загад, а адпрацаваная сістэма.
Тое ж самае і ў выпадку з Горацкай калоніяй. Там даўно адладжана сістэма пераследу зняволеных. Нават без аніякіх палітычных матываў збівалі людзей, навешвалі блатныя статусы, псіхалагічна ціснулі, каб прымусіць чалавека да нейкай працы. І гэта ў іх вельмі добра атрымоўвалася.
Горацкая калонія “праславілася” яшчэ да таго, як мяне туды перавялі. Таму ў Жодзінскай турме адразу папярэдзілі, што мяне чакае на новым месцы. Усё, дарэчы, так і адбылося, як распавядалі. То бок, сістэма была адпрацавана. Але ў пэўны момант яе вырашылі накіраваць на “палітычных”. А адміністрацыі калоніі няма розніцы, каго “перавыхоўваць”.
– Дэпартамент выканання пакаранняў не можа паўплываць на сітуацыю?
– Тут найперш трэба разумець, што для любога турэмшчыка прызначэнне ў Дэпартамент з’яўляецца павышэннем. Калі ты служыш сёння ў калоніі і добра “перавыхоўваеш” зняволеных, добра прэсуеш і выконваеш каманды сілавікоў, то такога могуць прасунуць па службовай лесвіцы. Таму як можа адрэагаваць адзін турэмшчык на скаргу на іншага турэмшчыка?
З аднаго боку скаргі пісаць трэба, каб у тым жа Дэпартаменце хоць трохі варушыліся, але часам справа даходзіла да анекдота. Аднойчы была сітуацыя, калі ў Мазырскую калонію прыехаў разбірацца са скаргай супрацоўнік Дэпартамента, якія раней працаў у той самай калоніі. І што ён мог “праверыць”? Цырк на дроце! Таму сітуацыя нагадвае замкнёнае кола, а Сістэма найперш абараняе сваіх.
Крыніца: Зміцер Дашкевіч: Горацкая калонія “праславілася” даўно…