Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што 10 красавіка адміністрацыя калоніі №9 у г. Горкі вынесла палітвязню Міхаілу Жамчужнаму чарговае – ужо 27 спагнанне – у выглядзе 2 месяцаў змяшчэння ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
Акрамя таго, Міхаіл Жамчужны атрымаў ад начальніка калоніі адказ на заяву з просьбай аб пераводзе яго для далейшага адбыцця пакарання ў іншую калонію, пададзеную 23 сакавіка. У пераводзе ў іншую калонію палітвязню адмоўлена. Раней Дэпартамент выканання пакаранняў, куды палітвязень звяртаўся з просьбай аб пераводзе ў іншую калонію яшчэ ў лютым, указаў, што гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі начальніка калоніі.
Палітвязень па-ранейшаму адчувае моцны ціск як з боку адміністрацыі, так і ад іншых зняволеных. Адміністрацыя працягвае практыку вынясення спагнанняў за адмовы Жамчужнага размясціцца ў вызначаны на дадзены момант для яго атрад №3, дзе ягонае з’яўленне выклікае негатыўную рэакцыю іншых асуджаных. Каб пазбегнуць канфлікту, Міхаіл Жамчужны пакідае атрад і атрымлівае чарговыя спагнанні. Рэальных жа бяспечных умоваў для адбыцця пакарання адміністрацыя калоніі палітвязню не прадстаўляе, нягледзячы на шматлікія звароты. З боку зняволеных паступаюць пагрозы фізічнай расправы. Па адным з інцыдэнтаў такіх пагроз, які адбыўся 3 красавіка, Жамчужны падаў скаргу начальніку калоніі, вядзецца разбіральніцтва.
Нечаканасцю для палітвязня стала знікненне з санчасткі калоніі дакументаў, якія б пацвярджалі некалькі эпізодаў харчовага атручвання, што мелі месца ў канцы снежня 2017 года і 28 студзеня бягучага года. 12 лютага па дадзеных эпізодах з палітвязнем сустракаліся прадстаўнікі санэпідэмстанцыі пасля атрыманых скаргаў ад праваабаронцаў. Тады ж Міхаілу Жамчужнаму было рэкамендавана дыетычнае харчаванне, якое зараз адменена ў сувязю са знікненнем пацвярджаючых медыцынскіх дакументаў.
Учора, 23 красавіка Магілёўскі абласны суд адмовіў у задавальненні касацыйнай скаргі Міхаіла Жамчужнага на рашэнне Горацкага раённага суда, які прызнаў абгрунтаванымі вынесеныя палітвязню чатыры спагнанні ў верасні-кастрычніку 2017 года (4 верасня – адзін месяц ПКТ, 5 кастрычніка – 10 сутак ШІЗА, 16 кастрычніка – 10 сутак ШІЗА, 26 кастрычніка – пяць сутак ШІЗА). Суд асноўную ўвагу ўдзяліў працэдурам вынясення спагнанняў, а не іх абгрунтаванасці, хаця па просьбе заяўніка запатрабаваў асабістую справу Міхаіла Жамчужнага і меў магчымасць азнаёміцца з дакументамі, датычнымі прычынаў адмоваў зняволенага пераходзіць у атрад.
Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся з часу пераводу ў калонію №9, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя зневажальныя ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін. Варта адзначыць, што раней агучаная інфармацыя, што атрад №13, куды спачатку спрабавалі перавесці Жамчужнага, сфармаваны цалкам з асуджаных “з нізкім статусам”, не атрымала пацверджання: у гэтым атрадзе маюцца асобныя пакоі, у якія размяшчаюцца асуджаныя “з нізкім статусам”, іх туды пераводзіць адміністрацыя. Палітвязень сапраўды адмаўляўся пераходзіць спачатку ў атрад №13, а затым і ў іншыя, аднак кожны раз абгрунтоўваў свае адмовы жаданнем захаваць сваю чалавечую годнасць і прасіў адміністрацыю прадставіць яму бяспечныя ўмовы адбыцця пакарання.
Знаходзячыся ў ПКТ, Міхаіл Жамчужны атрымаў магчымасць атрымліваць карэспандэнцыю і карыстацца пісьмовымі прыладамі дзеля напісання лістоў. Вядома, што ён накіраваў лісты сваім сябрам, калегам і праваабаронцам, частка якіх не прайшла цэнзуру і была знішчана, пра што палітвязень быў уведамлены. Але пасля гэтага былі накіраваныя новыя лісты, якія бліжэйшым часам павінны атрымаць адрасаты.
Крыніца: Міхаіла Жамчужнага змясцілі яшчэ на два месяцы ў ПКТ і адмовілі ў пераводзе ў іншую калонію