Некалькі дзён у межах “Уік-энду па правах чалавека” ў Віцебску працавала перасоўная выстава “Кожны мае права ведаць свае правы”.
Як паведамляе “Віцебская Вясна”, 21-22 красавіка валанцёры праваабарончага цэнтру “Вясна” праводзілі па выставе, разьмешчанай у арт-цэнтры VZAP, своеасаблівыя асьветніцкія экскурсіі.
Як расказала каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Анісія Казьлюк, экспазыцыя складаецца з 26-ці інфармацыйных стэндаў рознай тэматыкі. Яны распавядаюць пра фундамэнтальныя чалавечыя правы і свабоды – пра свабоду сумленьня і выказваньняў, пра права на жыцьцё і на мірныя сходы, пра салідарнасьць, талерантнасьць і г.д.
Віцебск – трэці абласны цэнтар, які наведала выстава. Да гэтага пазнаёміцца з экспазыцыяй маглі жыхары Магілёву і Гомелю. Наперадзе – Горадня, Берасьце і Менск. Там яна таксама будзе экспанавацца ў фармаце праваабарончых уік-эндаў. “Калі будуць запыты, паедзем і ў глыбінку”, – кажа Анісія Казьлюк.
“Асноўная нашая мэта – асьветніцкая, робім гэта для таго, каб несьці каштоўнасьці правоў чалавека ў грамадзтва”, – дадае валанцёрка.
У першай экскурсіі па выставе ў Віцебску ўзялі ўдзел каля 15 наведнікаў, у асноўным – віцебскія студэнты. Каля некаторых стэндаў расповед экскурсавода-валанцёра пераходзіў у дыскусію і нават спрэчкі. Самымі гарачымі кропкамі ў гэтым сэнсе былі стэнды, прысьвечаныя адвольным затрыманьням, свабодзе мірных сходаў, свабодзе ад катаваньняў і сьмяротнаму пакараньню.
Гэтак, каля стэнду “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня” кіраўнік грамадзкай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў распавёў маладым людзям пра сталінскія рэпрэсіі на Віцебшчыне і пра народны мэмарыял у Хайсах – віцебскіх Курапатах. Імправізаваная лекцыя скончылася спрэчкай наконт таго, ці маюцца ў яшчэ ў сьвеце прыклады падобнага стаўленьня дзяржавы да сваіх грамадзян.
Знаёмства з выставай працягвалася каля гадзіны. Пасьля імпрэзы можна было пакінуць подпісы за рэфармаваньне судовай сыстэмы Беларусі, якія зьбіралі актывісты левай партыі “Справядлівы сьвет”. Нагадаем, кампанія па зборы подпісаў за мадэрнізацыю судовай сыстэмы і, у прыватнасьці, за зьмены ў арт. 328 КК (Незаконны абарот наркатычных сродкаў) стартавала ў Віцебску яшчэ ў сярэдзіне сакавіка.
Таксама 21 красавіка ўдзельнікі экскурсіі па выставе ў віцебскім арт-цэнтры VZAP паглядзелі і абмеркавалі мастацкі фільм “Змоўца” (рэжысэр Робэрт Рэдфорд).
Нагадаем, напярэдадні, у межах уік-энду па правах чалавека ў Віцебску, прадстаўнік ПЦ “Вясна” і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня” Андрэй Палуда прачытаў лекцыю і прэзэнтаваў комікс “Мама, гэта я”.
Раней, 19 красавіка, падчас круглага стала “Прававыя аспэкты адмены сьмяротнага пакарання”, зладжанага ў Беларусі Радай Эўропы, сьцьвярджалася, што наша краіна “павольна і дакладна ідзе да адмены смяротнага пакарання”.
Крыніца: “Кожны мае права ведаць свае правы”. Экскурсія па выставе ў Віцебску Фота