Глыбоцкі раённы суд прысудзіў 35 базавых велічынь штрафу незалежнаму журналісту Змітру Лупачу. Па інфармацыі службы маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", судовае слуханне праходзіла 20 красавіка — у дзень, калі ў Мінску адбываўся з’езд ГА “БАЖ”, на які Зміцер Лупач павінен быў ехаць. Таму суд адбыўся без Змітра, працэс вёў суддзя Глыбоцкага райсуда Андрэй Тарасевіч. На ім прысутнічалі толькі жонка Змітра і яго калега, рэдактар газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун.
Нягледзячы на тое, што капітан міліцыі Сяргей Цырбан, які складаў пратаколы на Змітра, казаў, што будуць два суды па двух справах, адбыўся адзін суд, і справы аб’ядналі. Падчас працэсу заслухалі толькі аднаго сведку Валерыя Катовіча, які ўзгадваўся ў другім пратаколе. Справа датычылася сюжэта на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пад назвай “Ваўкі тэрарызуюць Віцебшчыну. Страх апанаваў людзей”. Па першай справе, якая была распачатая за сюжэт “150 – добры заробак. Маленькім гарадам – канец?” сведкаў у судзе не было. Перад судом участковы міліцыянт наведаў людзей, узяў у іх распіскі і паведаміў, што яны могуць не ехаць у суд.
Сёлета журналіста-фрылансера Змітра Лупача судзілі чацвёрты раз па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП. За супрацу з тэлеканалам “Белсат” яго ўжо штрафавалі Пастаўскі, Докшыцкі і Шаркоўшчынскі суды на 25, 40 і 23 базавых велічынь адпаведна.
Ад пачатку года адбылося каля 30 судоў над незалежнымі журналістамі, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”.
Крыніца: Глыбокае: Фрылансер-журналіст у чацвёрты раз у гэтым годзе пакараны штрафам