19 красавіка Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ў першым чытанні законапраект, які прадугледжвае ўнясенне сур’ёзных зменаў у заканадаўства аб СМІ.
Законапраект нясе пагрозы медыясектару і грамадству. У прыватнасці, ён прадугледжвае:
Добраахвотную рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў у якасці СМІ (уводзіцца тэрмін «сеткавыя выданні»). Яны і іх супрацоўнікі атрымаюць (у абмежаваным выглядзе) правы традыцыйных СМІ. Аднак зарэгістраваць выданне, сыходзячы з практыкі, зможа толькі юрыдычная асоба, якая размяшчаецца ў памяшканнях нежылога фонду і мае на пасадзе рэдактара з больш чым пяцігадовым адпаведным стажам;
Журналісцкі статус супрацоўнікаў інтэрнэт-выданняў, якія не пройдуць рэгістрацыю ў якасці СМІ, ставіцца пад сумнеў. Журналісты такіх выданняў не змогуць карыстацца правамі на абарону інфармацыйных крыніц і на працу падчас масавых мерапрыемстваў. Пры гэтым на незарэгістраваныя інтэрнэт-выданні будуць распаўсюджвацца ўсе абавязкі і адказнасць, якія прадугледжаныя для сеткавых выданняў;
Яшчэ больш ускладняецца праца журналістаў-фрылансераў;
Прадугледжваецца магчымасць блакаваць асобныя сацыяльныя сеткі цалкам, калі не будзе тэхнічнай магчымасці абмежаваць доступ да іх частак;
Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя каментатараў на форумах, прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасць якой можа прывесці да блакавання.
Заўвагі і прапановы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» не былі ўлічаныя пры разглядзе дадзенага законапраекта, як не былі пачутыя і прапановы іншых прадстаўнікоў медыясектара, не праведзена міжнародная экспертыза законапраекта.
У сувязі з гэтым мы заклікаем беларускія ўлады:
правесці абмеркаванне прапанаваных зменаў у заканадаўства ў галіне СМІ з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў медыясектара, бізнесу і грамадства;
дапрацаваць законапраект пры разглядзе ў другім чытанні з улікам усіх меркаванняў (у тым ліку заўваг і прапаноў ГА «БАЖ», якія перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў);
прызнаць права фрылансераў збіраць і распаўсюджваць інфармацыю ў айчынных і замежных масмедыя.
20 красавіка 2018 годаЗ’езд ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
Крыніца: Заява з’езду БАЖ адносна зменаў заканадаўства аб СМІ