Дэпутаты Беларусі не выключаюць паўторнага рэфэрэндуму наконт адмены сьмяротнага пакараньня. Пра гэта перад круглым сталом «Прававыя аспекты адмены смяротнага пакарання», арганізаваным Радай Эўропы, заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч, паведамляе Tut.by.
«Першапачаткова мы спыталі ў народу, у 1996 годзе, і ведаем яго пункт гледжаньня ў гэтым пытаньні. Але гэта сапраўды было даўно, больш за 20 гадоў таму. Таму летась мы прынялі рашэньне праводзіць сустрэчы ў рэгіёнах з насельніцтвам, каб абмяркоўваць гэтую тэму, — сказаў Навумовіч. — Думаю, правільна было б правесьці паўторны рэфэрэндум у гэтым пытаньні. Я як грамадзянін і парлямэнтар не выключаю гэтага».
Паводле Навумовіча, у 2011 годзе Беларусь была найбольш блізкая да таго, каб увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.
«Тады мы ўжо казалі пра гэта, але трагічны выпадак у мэтро адсунуў нас на многія гады ў вырашэньні пытаньня. Паводле сацапытаньняў міжнароднага экспэрта спадара Джабара, больш за 50% беларусаў тады выступілі за захаваньне сьмяротнага пакараньня», — сказаў дэпутат.
Навумовіч заявіў, што ў беларускім парлямэнце рыхтуюцца слуханьні пра адмену сьмяротнага пакараньня. Калі яны адбудуцца, парлямэнтар сказаць ня можа. Таксама Беларусь вядзе дыялёг пра аднаўленьне статусу спэцзапрошанага ў ПАСЭ.
«Думаю, што мы павольна і дакладна ідзём да адмены сьмяротнага пакараньня», — адзначыў Навумовіч.
Крыніца: «Беларусь павольна і дакладна ідзе да адмены смяротнага пакарання»