18 красавіка ў Менску з удзелам прадстаўнікоў Эўразьвязу, Рады Эўропы і Палаты прадстаўнікоў праходзіць круглы стол "Прававыя аспекты адмены смяротнага пакарання".
Як паведамляе Радыё Свабода, кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын на круглым стале «Прававыя аспэкты адмены сьмяротнага пакараньня» пракамэнтавала галоўны аргумэнт беларускіх уладаў у нежаданьні адмяніць найвышэйшую меру — маўляў, нельга ісьці супраць волі народу, які на рэфэрэндуме выказаўся за яе захаваньне.
Прадстаўніца Эўразьвязу заявіла, што тут вельмі многае залежыць ад пазыцыі лідэра краіны:
«Моцныя лідэры не заўжды ідуць за грамадзкай думкай. Яны вядуць грамадзтва за сабою, асабліва ў такіх адчувальных пытаньнях, як сьмяротнае пакараньне. Таму, мабыць, неабходна асабістая воля моцнага лідэра Беларусі, каб адмяніць сьмяротнае пакараньне».
Андрэа Віктарын нагадала, што падчас рэфэрэндуму ў заканадаўстве Беларусі не існавала такой прававой нормы, як пажыцьцёвае зьняволеньне. Магчыма, калі б на той час яна была, вынікі ўсенароднага волевыяўленьня маглі быць іншымі.
Прадстаўніца Эўразьвязу сказала, што толькі сёлета ў лютым беларускае грамадзтва даведалася пра выкананьне чарговага сьмяротнага пакараньня, якое адбылося яшчэ ў кастрычніку 2017 году.
«Я лічу такое стаўленьне да сям’яў пакараных негуманным», — падкрэсьліла Віктарын.
Яна зьвярнула ўвагу прадстаўнікоў улады, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе яшчэ існуе сьмяротнае пакараньне.
«Усе чальцы Эўразьвязу і Рады Эўропы ад гэтага адмовіліся», — падсумавала сытуацыю Андрэа Віктарын.
300 сьмяротных выракаў за часы незалежнасьці. 10 фактаў пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі, у сьвеце працягваецца тэндэнцыя да адмовы ад сьмяротнага пакараньня — краінаў, дзе яго не ўжываюць, год ад году ўсё болей. Пазытыўныя тэндэнцыі назіраюцца ў цэнтральнай і паўднёвай Афрыцы, Іране і Малайзіі. Але Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю: за 2017 год двух чалавек пакаралі, яшчэ чатырох асудзілі на сьмерць. Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
Крыніца: Еўразвяз спадзяецца, што Лукашэнка адменіць смяротнае пакаранне ў Беларусі