13 красавіка назіральніцу Таццяну Мастыкіну на апытанне выклікаў следчы Упраўлення Следчага камітэта па Савецкім раёне г. Мінска Вадзім Калеснік па факце яе незаконнага дактыласкапавання і фатаграфавання з прымяненне супрацоўнікамі міліцыі грубай фізічнай сілы.
Раней, назіральніца звярнулася са скаргай у СК, у якой паказала на парушэнне яе правоў супрацоўнікамі Савецкага РУУС і прасіла правесці праверку законнасці затрымання, праведзеных адбору адбіткаў пальцаў, фота- і відэарэгістрацыі да прызнання яе судом асобай, якая здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне.
На апытанні яна падрабязна распавяла следчаму, як развіваліся падзеі ў той дзень, як праходзіла затрыманне і што з ёй адбывалася ў РУУС.
«У следчага напэўна ўжо больш сто лістоў у матэрыялах праверкі: атфатаграфаваныя усе «закуткі» у будынку РУУС, скрыншоты фотаздымкаў, на якіх я ў момант выхаду з РУУС ды інш», - распавяла Таццяна Мастыкина.
Дзяўчына лічыць, што верагодна ў межах праверкі следчы будзе апытваць ўсіх затрыманых назіральнікаў у той дзень. Таццяна Мастыкіна не надта абнадзейваецца, што праверка прынясе чаканы вынік. Аднак, спадзяецца, што яе выпадак створыць прэцэдэнт:
«Хочацца, каб у наступны раз, калі хтосьці апынецца ў такой сітуацыі, як я, міліцыянты дзесяць разоў падумалі, пачыталі свае «мануалы» па працэдуры - што можна ім рабіць, а што нельга, а таксама каб следчым была дадзена прававая ацэнка у частцы адбору адбіткаў пальцаў у мяне, як чалавека, які яшчэ не прызнаны правапарушальнікам».
Нагадаем, Таццяну Мастыкіну затрымалі ў групе назіральнікаў 25 сакавіка каля плошчы Якуба Коласа. Назіральнікі планавалі правесці маніторынг збору і ўрачыстага шэсця да месца правядзення канцэрта, прысвечанага святкаванню 100-дзя БНР - «Дня Волі».
Затрыманых даставілі ў РУУС Савецкага раёна, дзе на некаторых назіральнікаў склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП - «Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», а на Таццяну Мастыкіну яшчэ і па арт. 23.4 КаАП - «Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў». Пасля гэтага ўсіх затрыманых адпусцілі.
Суд быў прызначаны на наступны дзень 26 сакавіка, аднак, па незразумелых прычынах, ні адно судовае паседжаньне не было праведзена.
Чытайце таксама: «Рукі мылі», або Што трэба ведаць аб дактыласкапічнай рэгістрацыі ў Беларусі?
Крыніца: Назіральніцу Таццяну Мастыкіну апыталі ў Следчым камітэце