Алесь Ляўчук. Фота: ПЦ "Белсат" У Брэсце 12 красавіка абласны суд адмяніў пастанову раённага суда, якім журналіста “Белсата” Алеся Ляўчука пакаралі штрафам у памеры 25 базавых велічыняў.

Летась на Алеся Леўчука супрацоўнік міліцыі Раман Трафімук склаў пратакол па арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне закону аб СМІ) за рэпартаж «Белсата», які паведаміў, што вуліцу Шаўчэнкі ў Брэсце адрамантавалі толькі напалову, а ў справаздачы напісалі, што ўсю.

Але з першага разу міліцыянт не змог яго правільна аформіць, а на тое, каб перарабіць, не было ўжо часу. Тады Трафімук склаў новы пратакол без удзелу і подпісу Леўчука. Суддзя Маскоўскага раёну Берасця Раман Карабан прысудзіў журналісту 25 базавых велічыняў (612,5 рублёў).

Такое рашэнне журналіста не задаволіла, і ён падаў скаргу ў абласны суд. Суддзя Руслана Сянько адмяніла рашэнне суду першай інстанцыі і вярнула справу ў раёны суд.

«Гэта значыць адно: па гэтай справе мяне судзіць ужо не змогуць, бо выйшлі тэрміны даўніны. Не ведаю, чым растлумачыць такое рашэнне суддзі, хіба толькі тым, што сёння дзень касманаўтыкі», – каментуе сітуацыю журналіст Алесь Ляўчук.

Як паведамляе “Белсат”, цяпер у планах журналіста дабіцца пакарання для супрацоўніка міліцыі, які фактычна падрабіў дакументы, а гэта артыкул 380 Крымінальнага кодэксу. Ляўчук ужо напісаў на дзеянні Трафімука скаргу ў Маскоўскі РАУС г. Брэста.

Нагадаем, што на дзень раней, 11 красавіка, гэтая ж суддзя Руслана Сянько вынесла рашэнне ў дачыненні да блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна, якім спыніла адміністрацыйную справу і адмяніла пастанову суда Пінскага раёна. Гэтым рашэннем кожны быў пакараны штрафам у памеры 40 базавых велічыняў .

Крыніца: У Брэсце зноў перамога!