З 6 па 8 красавіка ў Мінску праходзіў фестываль квір-культуры DOTYK. Сёлета фестываль складаўся з сямі мерапрыемстваў - навуковая канферэнцыя, лекцыі, варкшопы, круглы стол і канцэрт.

Асноўнай падзеяй фестываля стала навуковая канферэнцыя з 13 запрошанымі гасцямі з Оксфарда, Парыжа, Рыгі, Масквы, Стакгольма і Таліна. У мерапрыемствах фестываля прыняла ўдзел больш за 120 чалавек.

Аднак, святочнае адкрыццё было сарванае праз абмежаванне доступу да пляцовак праз праверкі адміністрацыі раёна. 

Пасля правядзення фестываля арганізатары выступілі з заявай на прэс-канферэнцыі, дзе распавялі, якія перашкоды былі створаны ім прадстаўнікамі ўлады. 

"Арганізатарам фестываля выступіла Культурна-асветніцкая ўстанова «Кінаклуб Дотык». Арганізацыя фестываля заняла шэсць месяцаў. Даты правядзення фестываля былі абраны сыходзячы з занятасці і магчымасцяў міжнародных удзельнікаў, мерапрыемствы якіх у гэтым годзе склалі асноўную праграму фестываля.

Сёлета даты фестываля супалі са святкаваннем праваслаўнага Вялікадня, у сувязі з чым у некаторых СМІ з'явіліся звароты ад імя праваслаўных веруючых з патрабаваннямі адмяніць фестываль. Лічым важным падкрэсліць, што ў дадзеных зваротах утрымліваецца мова варожасці

Мы, як арганізатары, не мелі за мэту кагосьці зняважыць. У той жа час мы не ўзгадняем свае мерапрыемствы з праваслаўным календаром, з прычыны таго, што жывем у свецкай краіне, дзе шануецца права кожнага на свабоду вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо не вызнаваць ніякую.

Што адбылося?

Урачыстае адкрыццё было запланавана на 19:00 6 красавіка на нашай пляцоўцы – у галерэі «Сталоўка XYZ». Гэтае памяшканне выкарыстоўваецца намі для сваёй дзейнасці ўжо болей за год: для выставаў і розных падзей. Менавіта там праходзіў трэці фестываль DOTYK у 2017 годзе. Таму памяшканне было цалкам падрыхтавана для прыняцця гасцей і правядзення запланаваных у межах фестываля лекцый, канферэнцый і дыскусій.

5 красавіка ў 10:31 на факс арэндадаўцы, ТАА «Калібр», паступіў ліст з патрабаваннем забяспечыць доступ у нашу прастору ў 14:00 хвілін для правядзення маніторынгу. Ліст быў адпраўлены як адказ на запыт арэндадаўцы. То бок 4 красавіка 2018 года арэндадаўца сам звярнуўся ў адміністрацыю Маскоўскага раёна горада Мінска з запытам, і адміністрацыя вырашыла правесці маніторынг памяшкання за суткі да адкрыцця фестываля. Гэта не першы выпадак ажыццяўлення праверак у дачыненні Культурна-асветніцкай установы «Кінаклуб Дотык». З моманту пачатку арэнды памяшканняў у ТАА «Калібр», мы паспяхова прайшлі больш за 10 розных праверак ад розных інстанцый.

У 14:00 доступ у памяшканне быў дадзены. Пры гэтым у склад камісіі ўваходзілі прадстаўнікі МНС, Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Маскоўскага раёна горада Мінска, ідэалагічнага аддзелу адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Мінска. Важна адзначыць, што правядзенне фестываля не парушае аніякіх нормаў беларускага заканадаўства, у тым ліку закон аб масавых мерапрыемствах.

 У 16:23 на факс арэндадаўцы прыйшоў ліст ад Маскоўскага РА НС з патрабаваннем прыняць захады па забеспячэнні пажарнай бяспекі. Варта падкрэсліць, што паўгады таму мы паспяхова прайшлі праверку ад Маскоўскага РА НС і прынялі ўсе належныя захады  па забеспячэнні пажарнай бяспекі. Прыкладна ў той жа час у адрас арэндадаўцы паступіла прадпісанне ад Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Мінска аб прыпыненні работ і паслуг.

На падставе гэтых двух дакументаў у 18:00 5 красавіка мы былі выкліканы да арэндадаўцы, дзе быў складзены Акт аб нядопуску да памяшканняў, якія мы арэндуем. Самі памяшканні былі зачыненыя і апячатаныя, і доступу да іх мы пазбавіліся. Пры гэтым арэндадаўца настойваў на падпісанні Акта толькі на дні фестываля – з 6 па 8 красавіка.

Настолькі імклівае правядзенне «маніторынгу», а таксама далейшыя паводзіны арэндадаўцы даюць нам падставы зрабіць высновы, што сапраўднай прычынай усяго, што адбывалася, з'яўляецца спроба перашкодзіць правядзенню фестываля.

Пазбавіўшыся пляцоўкі, у нас былі два варыянты развіцця падзей: альбо адмяняць фестываль, альбо шукаць альтэрнатыўныя пляцоўкі для яго правядзення.

Увечары 5 красавіка нам удалося знайсці пляцоўку для правядзення ўрачыстага адкрыцця фестываля, а таксама знайсці пляцоўкі для запланаваных мерапрыемстваў: лекцый, майстар-класаў і самой канферэнцыі. У выніку, дзякуючы прафесійнай рабоце каманды фестываля, нам удалося знайсці пляцоўкі цягам некалькі гадзін і за дзень да адкрыцця фестываля.

У дзень адкрыцця фестываля, з 10:00 да 15:00 дырэктарцы Культурна-асветніцкай ўстановы «Кінаклуб Дотык» паступіла чатыры званкі ад ананімных жанчын і мужчын з абразамі.

А у 15:00 6 красавіка ад уладальнікаў ужо другой пляцоўкі нам стала вядома, што да іх таксама прыйшоў «маніторынг» ад прадстаўнікоў МНС, аддзелу ідэалогіі раёна, праваахоўных органаў і санстанцыі – усяго каля дзесяці чалавек. Пры гэтым пад пагрозай былі не толькі нашыя мерапрыемствы, але ўвогуле далейшае існаванне гэтай прасторы. У правяраючых былі раздрукоўкі нашых анонсаў з пазнакай новага месца. Такім чынам, на гэтай пляцоўцы таксама праводзіць мерапрыемствы ў рамках фестываля стала немагчымым.

Пры падобных абставінах каманда фестываля вырашыла адмяніць урачыстае адкрыццё, запланаванае на 6 красавіка, і перанесці вечарыну ў анлайн-фармат. Астатнія мерапрыемствы прайшлі без змяненняў, але, каб засцерагчы ад небяспекі ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемстваў, нам прыйшлося ўвесці на іх папярэднюю рэгістрацыю і абмежаваць шырокі доступ. Разам з тым, усе праведзеныя мерапрыемствы мелі прамую трансляцыю ў сацыяльныя сеткі, што пашырыла аўдыторыю фестываля і дала магчымасць жадаючым наведаць падзеі фестываля віртуальна.

Чаму мы ўтрымліваліся ад каментароў наконт таго, што адбывалася? 

Для арганізатараў у гэтыя дні было першарадным правесці фестываль, не зважаючы на ўсе складанасці, і гарантаваць бяспеку ўдзельнікам і гасцям. Таму намі было прынята рашэнне не звяртацца да СМІ да сканчэння фестываля і правесці прэс-канферэнцыю ў панядзелак, 9 красавіка, дзе мы змаглі б падзяліцца ўсёй інфармацыяй.

Высновы

  • На працягу мінулых трох гадоў фестываль квір-культуры DOTYK не сутыкаўся з настолькі маштабным ціскам. Падобныя дзеянні здзівілі нашых замежных гасцей, партнёраў і амбасады Швецыі, Вялікабрытаніі і ЗША, якія аказалі падтрымку ў арганізацыі фестываля. Фестываль заўжды праходзіў пры падтрымцы міжнародных арганізацый, што спрыяльна ўплывала на агульны імідж Рэспублікі Беларусь як адкрытай і талерантнай краіны.
  • У цэлым, большасць запланаваных мерапрыемстваў фестываля адбыліся, хоць і ў іншым фармаце. Безумоўна, падчас планавання нашай далейшай работы мы ўлічым гэты досвед, каб быць больш эфектыўнымі і карыснымі як для супольнасці, гэтак і для ўсяго грамадства ў цэлым.
  • У бліжэйшы час мы будзем вырашаць пытанне аб далейшым супрацоўніцтве з ТАА «Калібр». Мы сутыкнуліся з тым, што нават наяўнасць уласнай прасторы для правядзення мерапрыемстваў не гарантуе правядзенне запланаваных падзей.
  • Мы не імкнемся ўцягвацца ў судовыя або іншыя працэдуры наконт таго, што адбылося. Мы ўсе разумеем, якая верагоднасць таго, што мы даможамся справядлівасці. Таму высілкі, якія мы б на гэта змарнавалі, мы прыкладзем да таго, каб прытрымлівацца нашай місіі – змагацца з праявамі дыскрымінацыі, прасоўваць прынцыпы роўнасці шляхам правядзення адукацыйных і культурных мерапрыемстваў і падтрымкі ЛГБТК+ людзей і іх блізкіх".

Крыніца: Арганізатары "Дотыка" былі пазбаўленыя адразу дзвюх пляцовак правядзення фестывалю