Мікалай Статкевіч у кайданках. Фота з сацыяльных сетак. У снежні мінулага году памежнымі службамі Беларусі быў затрыманы лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалай Статкевіч, калі той накіроўваўся разам з жонкай на аўтамабілі ў Літву. 

У пункце пропуску дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі “Лоша” прыблізна ў 7 гадзін раніцы палітыку было прапанавана адагнаць аўтамабіль “для паглыбленага дагляду”. Пасля чаго аўтамабіль быў заблакаваны з дапамогай усіх наяўных сродкаў, хаця ніякага супраціву дзеянням прадстаўнікоў памежнай службы альбо спроб пакінуць пераход ён з жонкай не прадпрымалі.

Потым Мікалая Статкевіча папрасілі выйсці з машыны і адразу ж надзелі кайданкі, пасля чаго яго завялі ў службовае памяшканне і пакінулі пад вартай без тлумачэння прычын затрымання.

Пры гэтым ніякіх дакументаў памежнікі не складалі. Затрыманне доўжылася прыкладна 40 хвілін, пасля чаго кайданкі былі знятыя, і Мікалая Статкевіча з жонкай прапусцілі за мяжу без тлумачэнняў прычынаў і выбачэнняў.

Па гэтым факце Мікалай Статкевіч з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” накіраваў на імя пракурора Гарадзенскай вобласці і старшыні ўпраўлення Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў памежнай службы па прычыне заведама незаконнага затрымання. 

Аднак адразу яго заяву перанакіравалі з адной памежнай вайсковай часткі ў другую, а 8 лютага паведамілі аб тым, што "камандзірам вайсковай часткі 2044 палкоўнікам С. Жылінскім прынята рашэнне аб адмове ў узбуджэнні крымінальнай справы па ч.1 арт. 455 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоўжыванне улады ці перавышэнне ўлады вайскоўцам) на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29 КПК (за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства)".

У тым жа адказе пазначана, што Мікалай Статкевіч мае права на азнаямленне з матэрыяламі праверкі, за выключэннем матэрыялаў, якія ўтрымліваюць звесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты ці іншую ахоўваемую законам тайну.

Адпаведна палітык пісьмова запрасіў, каб яго азнаёмілі з матэрыяламі праведзенай праверкі. Аднак 13 сакавіка яму адмовілі ў азнаямленні з матэрыяламі праверкі па прычынах існавання ў іх звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты і іншую ахоўваемую законам тайну.

Адказ вайсковай часткі М.Статкевічу ад 13 сакавіка

Цікава, што адмовіў у ўзбуджэнні крымінальнай справы адзін камандзір вайсковай часткі – С. Жылінскі, а праз месяц адмовіў у азнаямленні з матэрыяламі праверкі ўжо другі камандзір гэтай жа вайсковай часткі 2044 г. Смаргоні – М. Бутранец.

Сітуацыя з затрыманнямі на мяжы, даглядамі і асабістымі даглядамі, прымяненнем спецсродкаў у адносінах да беларускіх актывістаў з’яўляецца ў апошні час даволі распаўсюджаннай.

Так, напрыклад, летам 2017 года падобная сітуацыя адбылася з фігурантам “Справы графіцістаў” Вадзімам Жаромскім, які накіроўваўся цягніком у Вільнюс. Яго і Марыю Рабкову памежнікі затрымалі падчас пашпартнага кантролю, у выніку якого забралі іх пашпарты без тлумачэння прычынаў. Актывістаў адпусцілі толькі пасля асабістага дагляду.

Восенню 2017 г. у нацыянальным аэрапорце «Мінск» быў затрыманы Уладзімір Някляеў, які планаваў з жонкай ляцець на адпачынак за мяжу. Спачатку яго затрымалі прадстаўнікі пагранслужбы, якія затым перадалі палітыка міліцыянтам. Пасля паўгадзіннага разбіральніцтва з міліцыяй і пагранслужбай Уладзімір Някляеў усё ж змог вылецець на адпачынак.

У сакавіку гэтага года адбываліся неаднаразовыя затрыманні на беларускай-літоўскай мяжы актывістаў прафсаюза РЭП Андрэя і Яўгеніі Стрыжак, намесніцы старшыні прафсаюза Зінаіда Міхнюк і каардынатаркі моладзевай сеткі РЭП Ганна Дусь.

Юрыст ПЦ

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Аляксей Лойка, каментуючы сітуацыю з затрыманнем Мікалая Статкевіча пры перасячэнні ім беларуска-літоўскай мяжы і прымяненнем у дачыненні да яго спецсродкаў у выглядзе кайданкаў, адзначае два важныя аспекты:

"Па-першае, Закон “Аб органах памежнай службы Рэспублікі Беларусь” прадугледжвае невычарпальны спіс падставаў прымянення спецсродкаў у выглядзе кайданкаў да асобы, якая перасякае дзяржаўную мяжу.

Паколькі ў ходзе абскарджання Мікалай Статкевіч так і не даведаўся пра падставы свайго затрымання і прымянення да яго спецсродкаў, з гэтай нагоды можна зрабіць выснову аб тым, што існаванне ў заканадаўстве невычарпальнага спісу падстаў для прымянення кайданкоў да асобы, якая перасякае мяжу, робіць слабым становішча чалавека ў такой сітуацыі ў адносінах з дзяржаўным органам.

Па-другое, з адказу на скаргі так і не зразумела, на якой падставе былі засакрэчаныя матэрыялы праверкі па скарзе Мікалая Статкевіча і ў якім працэсуальным статусе ён знаходзіўся з моманту затрымання. Калі з моманту затрымання Мікалай Статкевіч знаходзіўся ў статусе падазронага, то пасля заканчэння праверкі па яго скарзе камандзір вайсковай часткі, які адмовіў у азнаямленні з матэрыяламі праверкі, засакрэціўшы яе, павінен быў выканаць працэдуру, усталяваную КПК Рэспублікі Беларусь. У такім выпадку ў адпаведнасці з арт.198 КПК Рэспублікі Беларусь у заяўніка бярэцца падпіска аб неразгалошванні матэрыялаў праверкі. Заяўнік папярэджваецца аб крымінальнай адказнасці за разгалошванне матэрыялаў праверкі, і атрымлівае доступ да іх".

Таксама Аляксей Лойка адзначае, што засакрэчванне матэрыялаў праверкі са спасылкай на норму ч.2 ст.178-1 КПК Рэспублікі Беларусь выклікае сумневы. Сумневы абумоўлены тым, што дадзеная норма не ўтрымлівае прамой забароны на азнаямленне з матэрыяламі праверкі асобы, правы якога былі парушаныя. Засакрэчванне матэрыялаў праверкі па скарзе асобы аб парушэнні яго правоў сведчыць аб дамінаванні дзяржаўнага інтарэса над прыватным. Такія дзеянні дзяржаўных органаў ацэньваюцца намі як адна з формаў ціску з боку ўладаў, паколькі чалавек у такім выпадку з самага пачатку пазбаўляецца магчымасці даказаць незаконнасць і неабгрунтаванасць дзеянняў службовых асоб у дачыненні да яго.

"Што  тычыцца пазіцыі ПЦ "Вясна" адносна такой практыкі, то мы будзем прынцыпова і паслядоўна рэагаваць на такія відавочныя парушэнні правоў чалавека і патрабаваць ад службовых асобаў дзяржаўных органаў выконваць свае паўнамоцтвы такім чынам, каб не ставіць чалавека, яго правы і годнасць, у слабае перад дзяржавай становішча.У такім выпадку мы прымем крокі да таго, каб пракуратура патлумачыла нам як яна бачыць сітуацыю, калі чалавек не можа абскардзіць адказ, які тычыцца абароны яго правоў і законных інтарэсаў, не маючы доступу да матэрыялаў праверкі, - дадае юрыст ПЦ "Вясна".

Крыніца: Затрыманне Статкевіча на мяжы - дзяржаўны сакрэт?