У Мінску 5 красавіка кааліцыя праваабаронцаў прэзентавала свой альтэрнатыўны даклад па выкананні Беларуссю Канвенцыі супраць катаванняў. Спачатку сустрэчы старшыня РГА "Прававая ініцыятыва" Вікторыя Фёдарава распавяла аб механізме разгляду дакладаў на 63 сесіі Камітэта супраць катаванняў ААН.
Так, Камітэт складаецца з дзесяці незалежных экспертаў, якія прызначаюцца дзяржавамі, але дзейнічаюць у асабістай якасці.
Беларусь прадставіла свой даклад яшчэ 9 снежня 2015 года, аднак, з-за затрымак у сістэме ААН разгляд дакладу ад дзяржавы і альтэрнатыўнага дакладу адбудзецца з 23 красавіка па 16 траўня бягучага года.
Па працэдуры спачатку прадстаўнікі дзяржорганаў прадставяць свой даклад, пасля гэтага няўрадавыя арганізацыі прадставяць свае заўвагі і альтэрнатыўны даклад, данясуць да ведама сябраў Камітэта тыя рэкамендацыі, якія хочуць, каб былі дадзеныя дзяржаве. Пасля гэтага будзе абмяркоўвацца тая частка рэкамендацый, якая будзе перададзена дзяржаве, а прадстаўнікі ўлады будуць з імі пагаджацца, прымаць да ведама або лічыць непрымальнымі.
Сяргей Усцінаў з ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаванняў» звярнуў увагу прысутных на асноўныя праблемы беларускага заканадаўства і адзначыў, што ў крымінальным кодэксе дагэтуль не існуе артыкула, які прадугледжвае адказнасць за ўсе акты катаванняў.
«Нягледзячы на тое, што ёсць у крымінальным кодэксе два артыкулы, якія прадугледжваюць адказнасць за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў і за прымус да дачы паказанняў, тым не менш артыкул за прымяненне катаванняў - адсутнічае», - падкрэсліў ён.
Сяргей Усцінаў распавёў, што дзяржава ў сваім дакладзе заявіла, што ўведзена паняцце катаванняў, але відавочна, што дзяржава ўводзіць у зман міжнародныя органы па выкананні правоў чалавека тым, што адна справа ўвесці само паняцце катаванняў, іншае - увесці адказнасць за ўсе акты катаванняў. Акрамя таго, улады публічна нават не асудзілі прымяненне катаванняў. Наадварот, у СМІ час ад часу з'яўляюцца выказванні вышэйшых асобаў пра тое, што катаванні не такія ўжо і дрэнныя. Некалькі гадоў таму прэзідэнт Рэспублікі Беларусь заявіў у дачыненні да асуджаных па арт. 328 КК, што ім трэба стварыць такія ўмовы ў калоніях, каб «яны смерці прасілі».
Заканадаўства таксама не ўтрымлівае нормаў аб праве зняволенага на агляд незалежным лекарам ці экспертам у выпадку прымянення катаванняў.
«Асновай паспяховага расследавання катаванняў з'яўляецца тэрміновая і належная фіксацыя слядоў катаванняў. Калі лекар, які працуе ў структуры МУС, робіць агляд і не фіксуе належным чынам сляды катаванняў, то даказаць потым гэтыя катаванні вельмі складана», - сказаў на заканчэнне праваабаронца.
Яшчэ адна праблема, якую адзначаюць эксперты - пастанова аб заключэнне чалавека пад варту выносіцца органам крымінальнага пераследу.
«У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі заключаць пад варту павінен суд, усе еўрапейскія краіны кіруюцца гэтым прадпісаннем. Такая ж практыка ўжываецца ва Украіне, Расіі. Калі паглядзець на статыстыку, хадайніцтвы аб задавальненні аб заключэнні пад варту ў працэнтных суадносінах у Расіі складае 90%, ва Украіне - каля 60%. У нас жа пастанову выносіць следчы, якая санкцыянуецца пракурорам, старшынёй КДБ або старшынёй Следчага камітэта», - сказаў Сяргей Усцінаў.
Яшчэ адно пытанне, якое было закранута ў дакладзе - праца супрацоўнікаў міліцыі без форменнага абмундзіравання, у прыватнасці, на мірных акцыях, калі незразумелыя людзі без апазнавальных знакаў, без належнай вопраткі вядуць кудысьці удзельнікаў акцыі. У сувязі з гэтым рэкамендацыя дзяржаве ад праваабаронцаў - каб усе супрацоўнікі органаў унутраных спраў на мірных акцыях працавалі ў форменным абмундзіраванні і з адметнымі знакамі.
Сяргей Усцінаў адзначыў, што вялікай праблемай з'яўляецца адсутнасць незалежнага грамадскага назірання за месцамі несвабоды. Пры Міністэрстве юстыцыі існуюць грамадскія назіральныя камісіі, але яны не з'яўляюцца незалежнымі. Акрамя таго, ГНК без папярэдняга паведамлення не могуць наведваць месцы несвабоды, не маюць права наведваць СІЗА, ІЧУ і яшчэ шэраг закрытых устаноў, не могуць сам-насам размаўляць з асуджанымі, не могуць прымаць ад іх пісьмовыя звароты, у тым ліку скаргі аб катаваннях. Умовы і парадак фарміравання камісій не празрысты. Гледзячы на склад камісій, можна ўбачыць, што там ёсць і сября «Клуба вясёлых і знаходлівых», і сябры ГА «Русь», і сябры ветэранскіх арганізацыі, але праваабаронцы трапляюць туды вельмі рэдка.
Напрыклад, Сяргей Усцінаў тройчы звяртаўся з заявай аб уключэнні яго ў Рэспубліканскую ГНК і тройчы атрымліваў адмовы.
Акрамя таго, праваабаронца адзначыў, што дзяржава да гэтага часу не дала згоду на наведванне краіны спецдакладчыкам ААН, хаця размова пра гэта вядзецца на працягу 10 гадоў, і першапачаткова былі нейкія зрухі, але цяпер не робіцца ніякіх крокаў у гэтым кірунку.
У той жа час, расследаванне катаванняў праводзіцца вельмі павольна, праверкі доўжацца па некалькі месяцаў, а не ўзбуджэнне крымінальнай справы ў самыя кароткія тэрміны абмяжоўвае следчага ў паўнамоцтвах (не праводзяцца следчыя дзеянні, якія маглі б быць зробленыя), не адхіляюцца ад службовых абавязкаў супрацоўнікі міліцыі, на якіх паступіла заява, на якіх паказваюць, як на магчымых агрэсараў прымянення катаванняў. Гэта ўсё супярэчыць міжнародным стандартам, якія абвяшчаюць аб тым, што расследаванне катаванняў павінна быць эфектыўным, адкрытым, з хуткім узбуджэннем крымінальнай справы, каб ахвяра катаванняў і яе прадстаўнікі маглі азнаёміцца з матэрыяламі дадзенай праверкі.
Таксама суддзі не рэагуюць на заявы аб катаваннях падчас папярэдняга расследавання. Часцяком яны проста ігнаруюць гэтыя заявы, хоць суд, згодна з міжнароднымі стандартамі, павінен быць спынены, пакуль не будзе праведзена адпаведная праверка, калі ахвяра заявіла пра ўжыванне катаванняў.
«Таксама прызнальныя паказанні, здабытыя з дапамогай катаванняў, не павінны служыць доказам, а ў нас часцяком гэтыя першыя паказанні, здабытыя пад катаваннямі, кладуцца ў аснову далейшага прысуду», - сказаў Сяргей Усцінаў.
Раіса Міхайлоўская з «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» распавяла пра сітуацыю з адвакатурай і фактамі гвалтоўных знікненняў палітычных апанентаў улады, якія дагэтуль не расследуюцца.
Яна адзначыла, што назіраецца працэс наступу на адвакатуру дзяржавай, што ўплывае на эфектыўнасць дзейнасці саміх адвакатаў і зніжае ступень абароненасці грамадзян або зусім пазбаўляе іх права на абарону.
У дакладзе ўказваецца на некалькі фактаў:
- Адвакатам, пазбаўленым ліцэнзіі ў 2010 годзе за абарону экс-кандыдатаў у прэзідэнты і сябраў іх камандаў, да гэтага часу не былі вернутыя ліцэнзіі, насуперак рэкамендацыям Камітэта, якія былі дадзены дзяржаве. Да цяперашняга часу адвакаты адчуваюць складанасці пры працаўладкаванні па прафесіі.
- Улетку 2017 года Магілёўскай абласной і Мінскай гарадской калегіямі былі праведзеныя праверкі, па выніках якіх былі прызначаныя пазачарговыя атэстацыі і два адваката былі пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзій.
Яшчэ да пачатку праверак агучвалася меркаванне, што ўсё ініцыявана Камітэтам дзяржаўнай бяспекі і звязана з працай асобных адвакатаў па рэзанансных, палітычна матываваных справах і іх супрацоўніцтвам з праваабаронцамі. Сітуацыя вакол калегій адвакатаў, якія па законе з'яўляюцца незалежнымі, а на практыцы падпарадкоўваюцца Міністэрству юстыцыі, не зведала зменаў. Рэкамендацыі Камітэта ў гэтай частцы не выконваюцца.
Па тэме гвалтоўных знікненняў «Беларускі дакументацыйны цэнтр» накіраваў у Камітэт супраць катаванняў індывідуальнае паведамленне, у якім асвятліў сітуацыю з папярэднімі расследаваннямі, па інфармаванні сваякоў пра ход расследавання, па падазраваным, якія могуць быць датычныя да гэтых злачынстваў.
«На днях мы даведаліся, што сваякі атрымалі чарговую інфармацыю аб падаўжэнні папярэдняга расследавання да 24 чэрвеня. Кожныя тры месяцы яны атрымліваюць такую інфармацыю пра падаўжэнне, у той час як у траўні будзе ўжо 19 гадоў з моманту першага палітычнага знікнення. Дзяржава не выконвае рашэнне Камітэта па правах чалавека, які разгледзеў індывідуальныя звароты сваякоў зніклых палітыкаў і паказаў на парушэнне Беларуссю іх права на эфектыўнае расследаванне, прадастаўленне поўнай інфармацыі, а таксама пакрыццё маральнай і матэрыяльнай шкоды», - заявіла Раіса Міхайлоўская.
«Мы рэкамендуем Рэспубліцы Беларусь далучыцца да Канвенцыі па гвалтоўных знікненняў і правесці эфектыўнае і хуткае расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара і Змітра Завадзкага, правесці незалежны суд і пакараць вінаватых», - дадала яна.
Праваабаронца з РГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» Дзмітрый Чарных распавёў аб існуючых праблемах у судовай сістэме.
Ён адзначыў, што ў нашай краіне сітуацыя з незалежнасцю суддзяў пакідае жадаць лепшага.
Да цяперашняга часу пытанні прызначэння суддзяў знаходзіцца ў руках выканаўчай улады, працэс адбору суддзяў праходзіць у закрытым рэжыме, публікуюцца толькі ўказы аб прызначэнні суддзяў. Таксама праблемай з'яўляецца тое, што суддзі прызначаюцца на тэрмін у пяць гадоў, хоць прадугледжана магчымасць бестэрміновага прызначэння. Аднак, крытэрыі аб бестэрміновым прызначэнні ў заканадаўстве не вызначаныя, і грамадскасць не можа ведаць, чаму тыя або іншыя суддзі прызначаюцца бестэрмінова.
Сур'ёзнай праблемай таксама з'яўляецца тое, што ў руках прэзыдэнта ёсьць найшырэйшыя магчымасці па кіраванні судовай сістэмай, ўмяшання ў яе дзейнасць. Менавіта ён прызначае ўсіх суддзяў, мае права панізіць суддзю ў кваліфікацыйным класе, звольніць суддзю, прыцягнуць яго да адказнасці без ўзбуджэння ювенальнага судаводства. Пры гэтым суддзя не можа абскардзіць рашэнне прэзідэнта аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці, бо для гэтага няма ніякіх інстанцый.
Памеры службовых акладаў суддзяў зацверджаны не ў законе, а нейкімі палажэннямі, якія з'яўляюцца закрытымі ад грамадскасці.
«Суддзі знаходзяцца ў сур'ёзнай залежнасці ад органаў выканаўчай улады, што не дае ім функцыянаваць так, як гэта павінна быць у адпаведнасці з Канстытуцыяй, з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі», - сказаў Зміцер Чарных.
Вялікай часткай дакладу з'яўляецца аналіз сітуацыі ў месцах пазбаўлення волі - прымяненне катаванняў і ўмовы ўтрымання, якія самі па сабе могуць прадстаўляць бесчалавечнае абыходжаньне з вязьнямі. Паўнамоцтвы праваабаронцаў у гэтай сферы моцна абмежаваныя, паколькі ў іх няма доступу ў месцы пазбаўлення волі.
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка падкрэсліў, што структура і змест дакладу з'яўляецца па сутнасці альтэрнатыўным адказам на тыя пытанні, на якія пагадзілася адказаць Рэспубліка Беларусь.
«Кожны раз прадстаўляючы сваё бачанне па тым ці іншым пытанні, мы не спыняліся на канстатацыі самога факта парушэння права чалавека, факта жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання і катаванні, а гаварылі пра тыя рэкамендацыях, выкананне якіх дазволіла б дзяржаве палепшыць становішча ў гэтай галіне», - адзначыў ён.
Жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне, гвалт з боку прадстаўнікоў правапарадку, жорсткасць у месцах пазбаўлення волі - гэта не толькі беларуская праблема, а праблема, якая ўласцівая любому грамадству.
«Адрозненне паміж дэмакратычным грамадствам і аўтарытарным заключаецца ў тым, як улады рэагуюць на тую ці іншую інфармацыю і пастаўленыя праблемы. Мы вымушаны адзначаць, што Беларусь не прыйшла да ўсведамлення таго, што неабходна прымаць меры да расследавання кожнага выпадку жорсткага, бесчалавечнага абыходжання альбо катаванняў, любога выпадку неабгрунтаванага прымянення фізічнай сілы з боку прадстаўнікоў органа правапарадку, пра які стала вядома. Мы падкрэсліваем, што патрабуем не пакарання бяздумнага ўсіх тых, хто мае дачыненне да той ці іншай сітуацыі, якая склалася, а гаворым пра расследаванне.
Дзяржава не разумее таго факту, што далёка не кожная смерць у месцах пазбаўлення волі - прамая віна месца пазбаўлення волі. Але калі гэтая смерць не атрымлівае расследаванне, то мы як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці маем права казаць пра тое, што дзяржава парушыла права на бесстаронняе расследаванне», - сказаў праваабаронца.
Адна з першых рэкамендацый ад праваабаронцаў дзяржаве - публічна і недвухсэнсоўна асудзіць прымяненне ўсіх формаў катаванняў, звяртаючыся, у прыватнасці, да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, узброеных сілаў і супрацоўнікаў турмаў, уключыўшы ў дадзеныя заявы яснае папярэджанне аб тым, што любы чалавек, які ўчыняе або які ўдзельнічае ў падобных дзеяннях і як саўдзельнік, панясе асабістую крымінальную адказнасць.
Калі гаворка ідзе пра становішча ў месцах пазбаўлення волі, магчымасці грамадскага назірання за сітуацыяй там сур'ёзна абмежаваныя, і ў першую чаргу - заканадаўча. Менавіта з гэтага вынікае з чаго пачаць паляпшэнне сітуацыі з грамадскім кантролем - са змены заканадаўства.
Акрамя гэтага адзначаецца, што на практыцы парушаюцца і тыя нешматлікія правы прадстаўнікоў ГНК, якія выбываюць для праверкі становішча ў месцах пазбаўлення волі. У прыватнасці, ПЦ "Вясна" распавядаў пра сітуацыю з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, якога ў ходзе наведвання калоніі прадстаўнікамі ГНК не прадставілі, нягледзячы на заяву, якая мела месца быць, матываваўшы гэта тым, што Міхаіл Жамчужны знаходзіцца ў штрафным ізалятары.
«Тады як мы павінны разумець, што менавіта такія складаныя месцы ўтрымання, як ШІЗА, павінны быць у першую чаргу ў фокусе ўвагі грамадскага кантролю, а не лазні і сталовыя», - упэўнены Павел Сапелка.
Такім чынам, праваабаронцы прапануюць стварыць цалкам незалежныя органы з паўнамоцтвамі ажыццяўляць незалежныя і эфектыўныя візіты ў месцы несвабоды без папярэдняга папярэджання, забяспечыць наяўнасць сярод іх сябраў праваабаронцаў, спецыялістаў у медыцынскай сферы, дасведчаных аб адпаведных міжнародных стандартах, а таксама міжнародных экспертаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Забяспечыць магчымасць яе сябрам размаўляць адзін на адзін са зняволенымі, вынікі падобнага маніторынгу і рэкамендацыі павінны быць адкрыта апублікаваныя ў разумныя тэрміны.
А таксама даць прадстаўнікам ГНК магчымасць наведваць і іншыя месцы несвабоды, у тым ліку ў аддзялення міліцыі, следчыя ізалятары, памяшканні службы бяспекі, месцы ўтрымання пад вартай па адміністрацыйным абвінавачванні, ізалятары медыцынскіх, псіхіятрычных устаноў, турмаў і інш.
Ёсць блок праблемаў, які тычыцца смерцяў зняволеных, якія не заўсёды атрымліваюць адпаведнае расследаванне. Праваабаронцамі зроблена рэкамендацыя, што зняволеным павінны быць забяспечаны тыя ж стандарты медыка-санітарнага абслугоўвання, якія існуюць у грамадстве, і ім павінен быць забяспечаны бясплатны доступ да неабходных медыка-санітарных паслугаў.
Павел Сапелка закрануў пытанне і смяротнага пакарання ў Беларусі. У дакладзе канстатуецца, што на працягу справаздачнага перыяду Рэспубліка Беларусь не прадпрымала мер па змяненні заканадаўства, якое рэгулюе прымянення смяротнага пакарання. Працэдуры выкананьня прысудаў застаюцца ранейшымі (непаведамлення сваякам аб прывядзенні прысуду ў выкананне, пра месца пахавання).
«І як адно з важных абставін у дакладзе адзначаецца той факт, што ў дзевяці выпадках смяротныя прысуды былі прыведзены ў выкананне, нягледзячы на тое, што ў дачыненні да асуджаных былі пачаты працэдуры абароны ў адпаведнасці з правіламі працэдуры КПЧ», - падкрэсліў праваабаронца.
Асаблівую занепакоенасць праваабарончай супольнасці выклікае і тое, што смяротныя прысуды, вынесеныя Вярхоўным судом, асуджаныя не ў праве абскардзіць. І ніякіх зрухаў у заканадаўстве з гэтай нагоды да гэтага часу зроблена не было, як і ніякіх афіцыйных заяў аб магчымасці ратыфікацыі Рэспублікай Беларусь другога факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах не было, альбо аб магчымасці ўвядзення мараторыя на прымянення смяротнага пакарання, альбо яго поўнай адмены.
Праваабаронцамі былі прапанаваны рэкамендацыі дзяржаве і па гэтых пытаннях.
Сяргей Драздоўскі з «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» заўважыў, што ўлада не адчувальная да разумею таго, што стан здароўя чалавека і яго асаблівыя патрэбы застаюцца за кадрам стандартаў знаходжання чалавека ў месцах несвабоды. Адсутнасць кантролю і ацэнкі ўмоў утрымання - адзін з прынцыповых момантаў, таму што для многіх людзей неабходны дадатковыя меры па падтрыманню здароўя або стварэнню роўных умоў для знаходжання ў гэтых месцах.
«Адсутнасць належнага медыцынскага суправаджэння, наяўнасць дастатковай колькасці лекараў па асобных відах захворванняў, якія дазвалялі б падтрымліваць стан здароўя на ранейшым узроўні, часцяком прыводзіць альбо да смерці, ці да незваротнага пагаршэння здароўя», - упэўнены праваабаронца.
Адсутнасць магчымасці звернецца да патрэбнага лекара спалучана з практычнай немагчымасцю рэалізацыі гарантыі зняволеных на тое, каб прайсці ў неабходны час абследаванне для вызначэння магчымасці далейшага знаходжання ў месцах несвабоды чалавека. Пры гэтым часам гэта спалучана з негатыўным дзеянне іншых сфер законаў, у прыватнасці закона «Аб псіхіятрычнай дапамогі», які цалкам вольна дапускае прымусовае лячэнне.
«Гэта з'яўляецца асобным кірункам у альтэрнатыўным дакладзе: зафіксаваныя моманты, калі ніякім чынам не ўрэгулявалі памяшканне, змест чалавека да суда ў месцах несвабоды, усе працэсуальныя дзеянні не маюць дастатковых мер забеспячэння роўнага падыходу да гэтых асобаў пры правядзенні працэсуальных працэдур», - сказаў на заканчэнне Сяргей Драздоўскі .
Ён звярнуў увагу на тое, што магчымасць прымусовага псіхіятрычнага лячэння таксама выклікае значнае нараканне паколькі выкарыстоўваецца як карны метад.
У дакладзе ўтрымліваюцца факты таго, што асобы не якое мела раней праблем з псіхічным здароўем, якія не мелі пацверджанняў, накіроўваюцца ў закрытыя псіхіятрычныя ўстановы, дзе практычна немагчыма ацэньваць тое, якім чынам будзе адбывацца з імі далейшае зварот. І сведчанні, якія паступаюць да праваабаронцаў, кажуць аб негатыўных фактах.
«У цэлым нашы рэкамендацыі датычацца вельмі вострых праблем, рашэнне якіх у прынцыпе павінна пацягнуць за сабой змяненняў у заканадаўстве, інфраструктуры і працэсуальных дзеянняў», - сказаў Сяргей Драздоўскі.
У заключнай частцы мерапрыемства Вікторыя Фёдарава закранула пытанні высылкі замежных грамадзян у краіну, дзе ім пагражаюць катаванні, і прывяла выпадак Мурада Амриева, які без выканання працэсуальных нормаў быў перададзены беларускім бокам расійскім калегам.
Таксама ў даклад былі ўключаны факты прымянення катаванняў у войску і прапанаваны шэраг мерапрыемстваў Міністэрству абароны для таго, што воінскія часткі былі больш адкрыты для грамадскага кантролю і больш бяспечныя для салдатаў.
Вікторыя Фёдарава паказала і на тое, што акрамя адмовы ў візіце спецдакладчыку ААН, Беларусь таксама адмовілася зрабіць заяву па арт. 21 і 22 Канвенцыі супраць катаванняў, якія даюць права грамадзянам Беларусі звяртацца ў Камітэт супраць катаванняў у выпадку парушэння іх правоў.
Файлы
Крыніца: Праваабронцы прадставілі альтэрнатыўны даклад супраць катаванняў у Мінску