22.01.2025 Тэгі: выбары-2025 У Еўрапейскім парламенце пасля дэбатаў ухвалілі рэзалюцыю "Неабходнасць дзеянняў у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі". Галасаванне за праект рэзалюцыі адбылося 22 студзеня: 567 дэпутатаў былі за, 25 супраць, 66 устрымаліся, піша "Радыё Свабода".

Галасаванне за дакумент правялі, прымаючы пад увагу, пазіцыю нацыянальных урадаў і міжнародных арганізацый, у прыватнасці, рэзалюцыю Генеральнай канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) ад 12 чэрвеня 2023 году аб захадах, рэкамендаваных Адміністрацыйнай радай паводле арт. 33 Статуту МАП па Беларусі.

Адзін з пунктаў рэзалюцыі гаворыць пра пераслед у Беларусі недзяржаўных СМІ. Таксама адзначаецца, што пасля рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі больш за 500 тысяч беларусаў вымушана пакінулі радзіму. Рэзалюцыя называе рэжым Лукашэнкі "нелегітымным, незаконным і злачынным", а таксама запэўнівае беларускую дэмакратычную супольнасць на чале са Святланай Ціханоўскай у "непахіснай падтрымцы".

Рэзалюцыя заклікае не прызнаваць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 26 студзеня, як не прызнаваць і легітымнасці Лукашэнкі, які незаконна займае пасаду кіраўніка Рэспублікі Беларусь. У дакумэнце гаворыцца пра пераслед палітычных зняволеных у краіне, сярод якіх згадваецца прадстаўнік Радыё Свабода Ігар Лосік, зняволены лаўрэат нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і іншыя. Таксама дэпутаты заклікаюць адказаць на арышт і прысуд прадстаўніку дэлегацыі Еўрасаюзу Мікалаю Хілу.

Эўрапарламент заклікае разглядаць справы супраць рэжыму Лукашэнкі па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі і, паводле прыкладу Літвы, звяртацца з пазовамі ў Міжнародны крымінальны суд, падтрымліваць працу праваабаронцаў, якія дакумэнтуюць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Рэзалюцыя падкрэслівае, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны і заклікае шукаць прагалы ў санкцыях, каб іх зліквідаваць і пакараць улады за саўдзел у вайне.

Дакумент падкрэслівае неабходнасць спрыяць умацаванню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і беларускай мовы, а таксама барацьбы са скажэннем і маніпуляцыяй беларускай гісторыяй, якія адбываюцца рукамі Лукашэнкі ва ўгоду Расіі.

Прыняты дакумэнт асуджае перавозку тысяч украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь, дзе іх русіфікуюць і прапагандуюць сярод іх расейскую ідэалогію. Асуджаецца і ўдзел Беларускай арганізацыі Чырвонага Крыжа ў дэпартацыях дзяцей.

У чарговы раз ад рэжыму Лукашэнкі патрабуюць замяніць усе смяротныя прысуды на турэмнае зняволеньне і адмовіцца ад такой меры выканання пакаранняў.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб "дзеяннях у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі"