22.01.2025 Тэгі: свабода мірных сходаў, рэпрэсіі Ужо другі дзень у Беларусі праходзіць датэрміновае галасаванне на сёмых прэзідэнцкіх выбарах*, але гэта адбываецца ў атмасферы страху і прыгнёту. Ужо пяты год рэжым ладзіць шырокамаштабныя рэпрэсіі: адбываюцца затрыманні і крымінальныя суды, у тым ліку за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсіфікаваных вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Распавядаем, колькі людзей было асуджана ў крымінальным парадку за ўдзел у вулічных мітынгах і пікетах, а юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва каментуе сітуацыю. 

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Пераслед пратэстоўцаў адбываецца паводле арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), 342-2 (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў), 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса. Па інфармацыі Праваабарончага цэнтра "Вясна", з 2020 года паводле гэтых артыкулаў у Беларусі асудзілі мінімум 3277 чалавек. Лічба можа быць большай, бо рэжым хавае сапраўдныя маштабы рэпрэсій. Адзначым, што гэта амаль палова ад усіх асуджаных па палітычна матываваных матывах з 2020 года.

Як адзначае юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва, што на сёмых прэзідэнцкіх выбарах узровень кантролю за ўсімі мерапрыемствамі каля гэтых выбараў* адчуваецца мацнейшы, чым падчас рэферэндуму 2022 года і адзінага дня галасавання 2024 года.

"Нягледзячы на невялічкія хвалі памілаванняў некаторых палітвязняў, агульны узровень рэпрэсій высокі. Увесь час з’яўляюцца новае рэпрэсіўнае заканадаўства і практыкі. Так, у 2024 годзе мы бачылі вялічэзную колькасць відэа, запісаных пад прымусам, даведаліся пра клетку ў жаночай калоніі, назіралі ўзмацненне пераследу квір-персон і ЛГБТК+ супольнасці, усплеск рэпрэсіўных практык у дачыненні да людзей, якія падтрымліваюць палітзняволенных, а таксама новыя практыкі ціску на працоўных месцах. Штосьці з гэтых тэндэнцый развівалася паралельна парадку выбараў, штосьці – ў відавочнай сувязі. Атмасфера страху працягвае панаваць, а удзел у грамадска-палітычным жыцці адкрыта забараняецца".

Самым распаўсюджаным спосабам пераследу пратэстоўцаў ужо пяты год з'яўляецца арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Па ім асудзілі мінімум 3016 чалавека. Суды працягваюцца да гэтага часу. Толькі на тым тыдні – з 13 па 17 студзеня – паводле арт. 342 КК у беларускіх судах разглядалі справы ў адносінах да 23 чалавек.

Палітзняволены японец, ляснік са Свіслачы, вядомая блогерка: каго судзілі на гэтым тыдні

Перад сёмымі прэзідэнцкімі выбарамі хваля рэпрэсій узмацнілася: па ўсёй краіне ладзяцца вобшукі і затрыманні.

Юрыстка "Вясны" адзначае, што тэрмін даўніны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса сканчваецца амаль праз паўгода:

"З вядомых нам выпадкаў палітычна матываванага пераследу, самая вялікая колькасць справаў у апошнія гады застаецца па ч. 1 арт 342 КК – за ўдзел у вулічных пратэстах. Тэрмін даўніны па гэтым артыкуле – пяць год. То бок ужо хутка ўлады не змогуць так актыўна затрымліваць удзельнікаў пратэстаў 2020 года, ідэнтыфікаваных па фатаграфіях і відэа".

Крыніца: Болей за 3270 чалавек асудзілі за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікаваных вынікаў выбараў у 2020 годзе