16.01.2025 Тэгі: грамадства, выбары-2025 У Беларусі з 1 па 25 студзеня праходзіць агітацыйны этап выбарчай кампаніі. Напярэдадні выбараў* чыноўнікі бесперапынна ездзяць па працоўных калектывах, а многія падзеі, што апісваюцца раёнкамі, накіраваныя на агітацыю сярод моладзі.

У Магілёве перад выбарамі міліцыя пачала наведваць каледжы і ліцэі, дзе палохае навучэнцаў адказнасцю за "ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах". Так, у Магілёўскім сацыяльна-гуманітарным каледжы пры Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова сабралі каля двухсот навучэнцаў на прафілактычную інфармацыйную сустрэчу.

mahileu_koledge.jpg

Інспектар ІСН Ленінскага РУУС Калініна, якая вяла сустрэчу, папярэдзіла навучэнцаў аб крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у масавых мерапрыемствах, звязаных з выбарамі*, і за злачынствы "экстрэмісцкага характару". Выкладчыкі, якія жорстка сачылі за яўкай навучэнцаў моляць іх "нікуды не ўлазіць", пакуль не пройдзе галасаванне і распавядаюць пра вялікую колькасць людзей "што сядзяць па турмах праз палітыку".

Апроч гэтага, у магілёўскіх ВНУ праходзяць агітацыйныя сустрэчы з даверанай асобай Лукашэнкі Аляксандрам Лук'янавым, першым сакратаром ЦК БРСМ. Ён правёў сустрэчы з калектывамі ўніверсітэтаў БДУТ, БРУ і МДУ імя А. Куляшова. Сустрэчы выбаршчыкаў з даверанымі асобамі іншых кандыдатаў не асвятляюцца.

mahileu_ahitacyia.jpg

Інфармацыя, агучаная кіраўніком праўладнай арганізацыі, цалкам паўтарала тэксты метадычак, з якімі ў снежні выступаў яшчэ адзін выхадзец Магілёўшчыны, дэпутат ППНС Ігар Марзалюк. У Беларускі ўніверсітэт тэхналогій Аляксандр Лук'янаў прыехаў у форме студатрадаўца.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: У Магілёве перад выбарамі міліцыя палохае студэнтаў "адказнасцю" за ўдзел у "масавых мерапрыемствах"