16.01.2025 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-16 студзеня 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
"Бабуля зачыніла калітку, дык міліцыянт пераскокваў праз плот". Сілавікі зладзілі ператрус у бабулі былога журналіста "Белсату"
Беларускія сілавікі надалей прыходзяць з ператрусамі да былога журналіста "Белсату" Сяргея Скулаўца, які ўжо з 2023 года не жыве ў Беларусі. А яму самому яны прапаноўваюць вярнуцца.
Як распавёў Сяргей "Белсату", на Новы год сілавікі зладзілі яшчэ адзін ператрус у ягонай 86-гадовай бабулі, якая жыве ў вёсцы Хорск Столінскага раёну.
"31-га вечарам зноў прыехалі з ператрусам да бабулі. Са Століна наведаўся следчы з пастановай пра ператрус, якую падпісаў пракурор з Івацэвічаў. Перад гэтым званілі маме, назваліся з міліцыі і паведамілі, што супраць мяне завялі крыміналку. Міліцыянт таксама сказаў, што яму даручылі распавесці пра тое, што калі я надумаю вяртацца, то трэба звярнуцца ў камісію памілавання. Ён распавёў гэта маме і папрасіў яе перадаць мне".
Паводле яго, бабуля замкнула весніцы, дык міліцыянт пераскокваў праз плот.
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — арганізацыя "Перт"
Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 13 студзеня.
Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае 18-гадовы Уладзіслаў Варонін.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты "НОВОПОЛОЦК, ВЫХОДИ! Chat", "Учительская", "Bielaruscyna BY Dr Viktar Korbut", "Беларусы у Бялэй Падласке";
- Instagram старонка "alex123filipov1993";
- Facebook-старонкі "Згуртаваньне Беларусаў у Вялiкай Брытанii", "КААРДЫНУЮЧАЯ УПРАВА НАЦЫЯНАЛЬНАВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ";
- Старонка ў "Х" "Сiнi Ўiнстан";
- Youtube-канал "Беларусь Будущего";
- Старонкі ў сацсетках "Незалежны прафсаюз РЭП";
- Старонкі ва "Укантакце" "Беларускi супрацiў", "Дранікі з мясам", "Дзе мой край?", "Спартыўны клуб "Патрыёт"", "Это Витебск, детка! [Типичный Витебск]";
- Сацсеткі і старонкі для данатаў праекту "Простымi Словамi";
- Старонкі ў "Аднакласніках" "НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЕНЫ РУХ ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ", "БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ САКРАТАРЫЯТ "ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ";
- Старонкі ў TikTok "lenochka275", "Кастусь".
ЦВК пагражае штрафам да 15 базавых за фатаграфаванне выбарчага бюлетэня
Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Алена Балдоўская расказала журналістам, чаму забаронена здымка запоўненага бюлетэня:
"Цяпер у выбарчым заканадаўстве прапісана дакладна норма, якая вызначае забарону на фатаграфаванне або відэаздымку запоўненага бюлетэня і на вынас бюлетэня за межы памяшкання для галасавання. Такога роду дзеянні з'яўляюцца адміністрацыйным правапарушэннем і пацягнуць накладанне штрафу на фізічную асобу, на выбаршчыка ў памеры да 15 базавых велічынь. Забарона на фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня звязаная з прынцыпам таямніцы галасавання".
Крыніца: Новае "экстрэмісцкае фармаванне" і ператрус у журналіста: хроніка пераследу 15-16 студзеня